Як мясцовасць, дзе мы жывём, фарміруе наш характар

Пашыранае меркаванне, што жыхары асобных рэгіёнаў або частак адной краіны маюць свае адметнасці характару. Аказваецца, гэта не толькі стэрэатыпы. Навуковыя даследаванні таксама пацвярджаюць некаторыя адрозненні.

10.08.2023 / 20:33

Драгічын-над-Бугам, від з замкавай гары. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Вывучэннем уплыву мясцовасці пражывання на характар чалавека займаецца такая маладая навука, як геаграфічная псіхалогія.

Спецыялісты ў гэтай галіне займаюцца пошукам сістэматычных адрозненняў у размеркаванні рыс асобы паміж сельскім і гарадскім насельніцтвам, жыхарамі паўночных і паўднёвых рэгіёнаў, усходу і захаду, жыхарамі прыморскіх і горных раёнаў.

У адрозненне ад класічных крос-культурных даследаванняў, у якіх праводзіцца адрозненне паміж індывідуалістычнымі і калектывісцкімі грамадствамі, геаграфічная псіхалогія мае тэндэнцыю быць больш дэталёвай і ўлічваць лакальныя адрозненні ўнутры краіны або рэгіёна. 

Рэгіянальныя адрозненні характару

У даследаванні, апублікаваным у 2019 годзе, псіхолагі пад кіраўніцтвам Марціна Абшонка (Martin Obschonka) ацанілі даныя больш за 70 000 немцаў розных рэгіёнаў Германіі, якія прайшлі пяціфактарны анлайн-тэст асобы («Вялікая пяцёрка», BFI). Тэст дазваляе атрымаць індывідуальны профіль пяці асноўных параметраў характару, а менавіта экстраверсіі (таварыскасці), адкрытасці новаму досведу, добрасумленнасці, добразычлівасці і неўратызму (эмацыйнай лабільнасці). Аўтары паспрабавалі звесці да мінімуму ўплыў сацыяльнага статусу, аб'яднаўшы людзей з аднолькавым эканамічным ці адукацыйным узроўнем.

Як пішуць самі навукоўцы, іх вынікі засведчылі, што такія папулярныя стэрэатыпы (напрыклад, стрыманыя жыхары поўначы, вясёлыя жыхары поўдня, адкрытыя гараджане) маюць рацыянальнае зерне.

Вучоныя высветліла, што ў сярэднім у буйных гарадах жыве больш экстравертаў, чым у сельскай мясцовасці. Яны заўважылі адносна выразную кёльнска-мюнхенскую лінію ў рэгіянальных варыяцыях неўратызму (схільнасць да турботы і частых перападаў настрою) у Германіі. На поўдзень ад яе неўратызм у сярэднім менш выяўлены.

Даследаванне насельніцтва ў штатах ЗША паказала, што неўратызм найболей высокі ў паўночна-ўсходніх і паўднёва-ўсходніх штатах, а самы нізкі — у штатах Сярэдняга Захаду і Заходняга ўзбярэжжа. Адкрытасць да вопыту ў маштабах штата самая высокая назіралася ў Новай Англіі, Сярэднеатлантычным і Ціхаакіянскім рэгіёнах і самая нізкая — у штатах Вялікіх раўнін, Сярэднім Захадзе і Паўднёвым Усходзе.

У чым прычыны

Сацыяльны псіхолаг Пітэр Рэнтфроў (Peter Rentfrow) з Кембрыджскага ўніверсітэта і яго калегі лічаць, што за асацыяцыяй мясцовасць — прыкмета характару хаваецца шмат фактараў.

Акрамя асаблівасцей навакольнага асяроддзя, такіх як клімат і ландшафт, вялікую ролю адыгрывае сацыяльны ўплыў. Мы пачынаем разглядаць тых, хто жыве з намі па суседстве, як адну з нашых «сваіх груп», і на нас могуць уплываць каштоўнасці і распарадак групы. Людзі, якія патрапляюць у супольнасць, прымаюць пэўныя нормы і ўяўленні. Нават інтраверт будзе больш таварыскім, калі ён паедзе ў вялікі горад на вучобу ці працу, і, такім чынам, будзе «перавыхаваны» ў сваім новым асяроддзі.

Важным таксама з'яўляецца такі фактар, як селектыўная міграцыя — схільнасць людзей з пэўнымі рысамі характару да пераезду ў іншыя месцы. Напрыклад, людзі, якія надаюць вялікае значэнне сацыяльным адносінам, як правіла, аддаюць перавагу маленькім гарадам, у той час як людзі, якія цэняць навізну і новыя эмоцыі, могуць пакінуць свой маленькі горад і пераехаць у вялікі, як толькі яны стануць дастаткова дарослымі. Такім чынам, як месца можа фармаваць чалавека, так і чалавек месца.

Навакольнае асяроддзе і характар

Вынікі двух буйнамаштабных даследаванняў, праведзеных у ЗША і Кітаі, паказалі, што пры параўнанні з жыхарамі рэгіёнаў з нізкімі тэмпературамі ў людзей з рэгіёнаў з цёплым кліматам больш выяўленыя такія якасці, як зычлівасць, сумленнасць, эмацыйная стабільнасць, экстраверсія і адкрытасць вопыту.

Даследаванні з ЗША звычайна фіксуюць ніжэйшы ўзровень неўратызму сярод жыхароў гор, чым у жыхароў марскога ўзбярэжжа. Даследчыкі таксама заўважылі, што час, які праведзены на вялікай вышыні, стымулюе творчы патэнцыял і павышае цікаўнасць да творчасці.

З іншага боку, паводле звестак кітайскіх даследаванняў, у гарах часта жывуць больш нестабільныя людзі, чым у раўніннай мясцовасці. Магчыма, адрозненні ў высновах можна растлумачыць культурнымі традыцыямі розных народаў.

Апрача клімату і ландшафту на сацыяльную дзейнасць чалавека, як паказалі даследаванні, уплывае якасць паветра. Аналіз злачыннасці 9360 гарадоў ЗША за 9 гадоў паказаў, што забруджванне паветра было вызначальным фактарам у геаграфічных ваганнях шасці асноўных катэгорый злачынстваў.

Такім чынам, нельга адмаўляць, што асяроддзе, у якім мы жывем, фармуе нас псіхалагічна, а за тэрмінам «дэпрэсіўны рэгіён» хаваецца не толькі эканамічныя, але і пэўныя псіхалагічныя рысы яго жыхароў.

Чытайце яшчэ:

Прырода канфармізму: як людзі згаджаюцца з відавочнай няпраўдай

Не ведаеце, інтраверт вы ці экстраверт? Магчыма, амбіверт

Антось Жупран