У зоркі мінскай крамы «Прырода» ката Васіля з'явіліся калегі Шуламіт і Шустрык. Хто гэтыя незвычайныя персанажы?
Вядомы на ўвесь Мінск кот Васіль, пра якога неаднаразова пісалі, па-ранейшаму працуе ў заакраме на праспекце Незалежнасці, але ўжо не адзін. У яго з'явіліся новыя незвычайныя супрацоўнікі, пішуць Мінск-Навіны.
10.08.2023 / 09:42
Разам з Васілём наведвальнікаў заакрамы сустракаюць пітон Шуламіт (або па-простаму Шуля) і ваверчаня Шустрык. Абодва «працаўладкаваліся» не так даўно, мінулай зімой, але ўжо паспелі абжыцца, стаць часткай каманды і мясцовай славутасцю.
— Шустрык у нас са снежня 2022 года, — распавядае кансультант Паліна. — Раней вавёрка жыла на балконе ў пажылой жанчыны — тая ўзяла яе з лесу. Затым у сувязі з пераездам яна вырашыла аддаць жывёлу туды, дзе ёй будзе лепш, і звязалася з намі. Дырэктар прывёз Шустрыка ў краму, выдзеліў новаму «работніку» прасторную клетку. Ён зусім ручны — мы выпускаем яго, калі няма наведвальнікаў, бо ён любіць бегаць і скакаць па людзях. Ён не кусаецца, але некаторыя, вядома, палохаюцца.
У вавёркі ўстаноўлена вялікае кола, у якім Шустрык бегае. Наведвальнікі любяць падоўгу стаяць ля клеткі, дзівячыся таму, колькі ў малюсенькім ваверчаняці энергіі. Усё ж нездарма ён атрымаў сваё імя!
Сапраўднае ўпрыгожванне кутка з выстаўленымі на продаж жывёламі — пітон Шуля. І яна таксама мае незвычайную жыццёвую гісторыю, якую распавёў дырэктар крамы Андрэй Мітраховіч.
— Нягледзячы на тое, што пітон выстаўлены на продаж, — на яго ёсць усе дакументы, — Шуля гэтак жа, як Васіль і Шустрык, стала пастаяннай жыхаркай крамы і ў нейкай ступені яе сімвалам, — дырэктар бясстрашна бярэ рэптылію на рукі. — Папярэдняя гаспадыня пітона займалася змеямі — у яе прыватнай калекцыі былі нават кобры. Яна нам Шулю і прадала.
— Як пітон ставіцца да людзей?
— Спакойна, хоць, як і з любой змяёй, з ім трэба быць асцярожным. Галоўнае — не трывожыць рэптылію падчас лінькі, прыёму ежы і на працягу двух дзён пасля «трапезы», калі ён пераварвае абед. У любы іншы час ён спакойны. А пасля лінькі і зусім сама дабрыня.
Ёсць у заакрамы і яшчэ адзін характэрны жыхар. Рыба ціхлазома фловер хорн з'явілася тут у сакавіку 2023 г. — яе прывезлі з самой Масквы, дзе яна раней была ў прыватнай калекцыі. «Мазгавітая» рыба з вялікім шарам на галаве дастатковая пераборлівая ў плане догляду і каштуе нятанна — магчыма, з гэтай прычыны яна, гэтак жа, як і Шуля, затрымалася ў краме і ўжо ўспрымаецца як частка калектыву.
— Гэтую рыбу вельмі шануюць у Азіі, там яе кошт можа перавышаць 1000 даляраў у эквіваленце, — распавядае Паліна. — Уся справа ў незвычайнай расфарбоўцы бакавой лініі. Пры ўважлівым разглядзе ва ўзоры можна ўбачыць іерогліфы. Прычым у кожнай рыбы малюнак розны. Хтосьці можа прачытаць «каханне», «поспех», «грошы». Лічыцца, што рыба прынясе гэта ў жыццё свайго гаспадара.
Несумненна, выпадак унікальны. Аднак нашага пакупніка радуюць больш простыя рэчы, жыццёвыя радасці накшталт павольнага пагладжвання ката пад варкатанне. Таму галоўнай зоркай крамы па-ранейшаму з'яўляецца Васіль, якому, між іншым, ужо больш за 10 гадоў. Тут ён ужо абжыўся і нават мае «службовае жыллё» памерам з пакой у інтэрнаце. Да новых «калег» кот ставіцца зычліва. Але больш за ўсё любіць увагу наведвальнікаў. У Ваські нават бяруць інтэрв'ю і дзеляцца фатаграфіямі ў сацсетках. Кату не прывыкаць да такой увагі — а новыя жывёлы патроху пераймаюць у «дырэктара» цярпенне і зычлівасць.
Чытайце таксама:
У краме на праспекце Незалежнасці з'явіўся незвычайны «супрацоўнік». Любімае месца — каля касы ФОТЫ
Памятаеце ката з крамы «Прырода»? На яго цяпер ходзіць глядзець увесь Мінск