Выпусцілі мерч «Менск — горад палітвязняў», частка якога ідзе на данаты
Каманда Politzek.me і дызайнерка Караліна Палякова выпусцілі новы мерч «Менск — горад палітвязняў». 30% выручкі ад кожнай прададзенай футболкі пойдзе на дапамогу сем'ям палітвязняў.
07.08.2023 / 19:44
Фота: Politzek.me
На футболках намалявана пераасэнсаваная мазаіка «Менск — горад мастацтва» і «Менск — горад навукі». Іх можна бачыць на сценах жылых дамоў каля метро «Усход» у Мінску. Там намаляваны розныя сюжэты пра тое, як навукоўцы прэзентуюць свае працы, як людзі вучацца танцаваць у нацыянальным адзенні, гісторыкі распавядаюць пра мінулае, мама абдымае дзяцей і г. д.
Фота: Politzek.me
Цяпер Politzek.me разам з дызайнеркай пераасэнсавалі канцэпцыю сучасных герояў. Яны ўпэўненыя, што цяперашнія героі Беларусі — гэта палітвязні.
«Іх сёння ў нашай краіне больш за 1700! Іх выявы мы і памясцілі на мазаіку «Менск — горад палітзняволеных», — пішуць аўтары.
На спіне ў футболак будзе QR-код, з дапамогай якога можна заданаціць палітвязням, а на рукаве, паводле слоў аўтараў, схавана пасхалка.
Фота: Politzek.me
«Мы хочам паказаць, што салідарнасць — гэта стыльна. А дапамагчы палітвязням можна рознымі спосабамі: ад адпраўкі ліста да куплі мерчу, частка якога ідзе на данаты», — упэўненыя аўтары.
Футболка каштуе 45 еўра, набыць яе можна праз інстаграм.
Чытайце таксама:
У Беларускім доме Варшавы адкрылі мурал «Няскораных беларусаў»