Новы сайт «Прессбола» не пратрымаўся і дня

Учора спартыўная газета «Прессбол» паведаміла, што вяртаецца ў інтэрнэт з новым адрасам. Сёння сайт ужо заблакавалі. 

05.08.2023 / 20:03

Пры пераходзе на сайт з'яўляецца паведамленне ад Міністэрства інфармацыі аб блакіроўцы дадзенага рэсурсу. Паколькі сайт быў на беларускім дамене, ён не адкрываецца ў тым ліку з-за мяжы і праз VPN.

Нагадаем, што 16 чэрвеня Міністэрства інфармацыі распаўсюдзіла заяву, што на падставе ведамаснага маніторынгу на прадмет «выканання нацыянальнага заканадаўства аб СМІ» заблакаваны сайт спартыўнага выдання «Прессбол». Пры гэтым прычына такога рашэння не называлася. Але пазней стала вядома, што рэдакцыя пацярпела за тое, што на сайце заставалася архіўнае фота футбаліста з «чорнага спіса» Мінспорту.

«Прессбол» — найстарэйшае незалежнае беларускае спартыўнае выданне з больш як 30-гадовай гісторыяй. На фоне драматычных падзей 2020-га газета апублікавала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў.

Выразная грамадзянская пазіцыя стала падставай да кадравых ратацый, у выніку Беларуская федэрацыя футбола, як галоўны акцыянер, дамаглася змены галоўнага рэдактара на былога карэспандэнта дзяржаўнага тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна. Нягледзячы на тое, што журналіст не меў досведу адміністрацыйнай працы, рашэнне ўхвалілі ў абыход рэдакцыйнага калектыву.

У выніку тады практычна ўсе вядучыя супрацоўнікі пакінулі «Прессбол» на знак пратэсту супраць «захопу выдання».

Тыя ж журналісты, што засталіся працаваць у выданні, свядома прынялі рашэнне, як выказаўся адзін з яго заснавальнікаў Юрый Арлоў, «затупіцца», дыстанцыяваўшыся ад грамадска-палітычнай тэматыкі і засяродзіўшыся на асвятленні ўласна спартыўных навін з нейтральнай пазіцыі. Але, як паказала жыццё, у цяперашніх умовах гэта ўсё адно не ратуе ад рэпрэсіўных захадаў з боку дзяржавы, для якой проста нейтральнасці і апалітычнасці ўжо недастаткова.

Чытайце таксама:

Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара «Народнай Волі». Лёс выдання пад пытаннем

«Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сайта спартыўнай газеты «Прэсбол»

«Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком

Nashaniva.com