Кіраўнікі МУС Літвы і Польшчы абмеркавалі магчымую ізаляцыю Беларусі
Міністры ўнутраных спраў Польшчы і Літвы правялі перамовы па тэлефоне. Пра гэта паведаміў кіраўнік МУС Польшчы Мар'юш Каміньскі. З Агнэ Білатайце абмяркоўвалася ў тым ліку ізаляцыя Беларусі, піша Reform.by.
04.08.2023 / 15:05
«У тэлефоннай размове з міністрам унутраных спраў Агнэ Білатайце ўзгаднілі схемы супольных рэакцый Польшчы і Літвы на пагрозы з боку Беларусі, аж да магчымага закрыцця ўсіх памежных пераходаў і поўнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі», — напісаў у твітары Каміньскі.
Білатайце, у сваю чаргу, напісала, што абмяркоўвала з Каміньскім пытанні бяспекі на мяжы з Беларуссю. Яна падкрэсліла, што абмен інфармацыяй і каардынацыя дзеянняў з польскімі партнёрамі — гэта ключавы фактар для эфектыўных рэгіянальных рашэнняў.
Учора ў Сувалскім калідоры прайшла сустрэча прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага і прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы. Паводле яе вынікаў Наўседа заявіў пра тое, што дасягнута дамоўленасць аб кантактах паміж дзяржорганамі дзвюх краін, якія павінны абмяняцца інфармацыяй, а таксама ўзгадніць сумесныя дзеянні ў сувязі з размяшчэннем у Беларусі ПВК «Вагнер».
Сёння таксама стала вядома, што Літва скароціць колькасць дзеючых пераходаў на мяжы. Неўзабаве будуць зачыненыя пункты пропуску «Шумскас» ( з беларускага боку — «Лоша») і «Цвярачус» (з беларускага боку — «Відзы»). У выніку на мяжы Беларусі і Літвы будзе працаваць чатыры, а не шэсць пераходаў.
Чытайце таксама:
Закрыццё некаторых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з'яўляецца пытаннем часу — літоўскі дэпутат
«Правяраюць рэакцыю Польшчы і саюзнікаў». Маравецкі ацаніў колькасць вагнераўцаў у Беларусі
У Беларусь заехала 14-я калона вагнераўцаў, у асноўным фуры з кантэйнерамі