Закрыццё некаторых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з'яўляецца пытаннем часу — літоўскі дэпутат

«Калі мы толькі ўбачым, што сітуацыя абвастраецца, пастанова будзе прынятая і аб поўным закрыцці мяжы», — сказаў Лаўрынас Кашчунас.

04.08.2023 / 10:26

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі абмяркоўваюць сітуацыю ў Сувалскім калідоры. Фота: канцылярыя прэзідэнта Літвы

Старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (РНБА) Лаўрынас Кашчунас кажа, што з прысутнасцю наймітаў «Вагнера» ў Беларусі закрыццё некаторых літоўскіх памежных пунктаў — толькі пытанне часу, піша LRT.

«Я заўсёды казаў, што гэта [закрыццё мяжы з Беларуссю] можа быць варыянтам, што мы можам гэта зрабіць. Насамрэч, я хачу сказаць, што камітэт яшчэ пару месяцаў таму прыняў такое рэкамендацыйнае рашэнне падумаць аб закрыцці некаторых памежных пунктаў», — сказаў Л. Кашчунас.

«Закрыццё некаторых пунктаў — гэта ўсяго толькі пытанне часу. Гэта, безумоўна, будзе зроблена. Я, магчыма, цяпер не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але калі мы толькі ўбачым, што сітуацыя абвастраецца, пастанова будзе прынятая і аб поўным закрыцці мяжы», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Сувалскім рэгіёне заявіў, што Вільня, Варшава і Рыга павінны быць гатовыя разам закрыць мяжу з Беларуссю, калі сітуацыя пагоршае.

У сваю чаргу, польскія ўлады намякнулі на магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю. Міністэрства ўнутраных спраў лічыць такія меркаванні рэальнымі.

«Мы крыху адрозніваемся ад палякаў. Палякі крыху больш публічна дэманструюць сілу ля мяжы. Мы публічна робім гэта менш, але ўвесь план, уся падрыхтоўка зробленыя. На нейкім этапе будуць задзейнічаны і нашы войскі», — сказаў Л. Кашчунас.

Чытайце таксама:

«Правяраюць рэакцыю Польшчы і саюзнікаў». Маравецкі ацаніў колькасць вагнераўцаў у Беларусі

У Беларусь заехала 14-я калона вагнераўцаў, у асноўным фуры з кантэйнерамі

Вагнеравец, які цяпер у Асіповічах: Заробак — 24 тысячы рублёў. Лукашэнка абяцае нам беларускае грамадзянства

Прыгожын заявіў, што «Вагнер» спыніў набор наймітаў

Nashaniva.com