«Бяссілле перад артылерыяй — самае цяжкае пачуццё». Z-ваенкары прызнаюць, што расійская армія не дае рады артылерыі НАТА

УСУ вярнуліся да тактыкі вымотвання расійскіх сіл артылерыяй пасля няўдач у контрнаступленні. Украіна выкарыстоўвае тэхнічную адсталасць праціўніка і адсутнасць удараў у адказ з-за рознай далёкасці артылерыі, паведамляе The Moscow Times.

03.08.2023 / 22:19

Нямецкая самаходка PzH 2000. Фота: Andrey Rudakov / Bloomberg via Getty Images

Нягледзячы на запэўненні міністра абароны Сяргея Шайгу аб 71% сучаснай зброі, армія РФ прайграе гаўбіцам НАТА, што прызнаюць расійскія ваенкары.

Аб праблемах піша камандзір батальёна «Усход» Аляксандр Хадакоўскі: «Самае складанае — жыць без нармальнай «контрбатарэйкі» […] Бяссілле перад артылерыяй — самае цяжкае пачуццё».

Z-канал «Два майора» паведамляе, што 90% параненых і забітых у расійскай арміі з'яўляюцца праз артылерыю, праблемы востра стаяць на ўчастках, дзе пераважае заходняя артылерыя.

Напрыклад, на Арэхаўскім кірунку — «Мста-Б» (далёкасць — 28 км) прайграе амерыканскай гаўбіцы М-777 (далёкасць — больш за 44 км).

Канал «Военный информатор» піша пра развітасць спадарожнікавай разведкі Захаду на фоне ўбогасці спадарожнікаў «Раскосмаса», эфектыўныя контрбатарэйныя сістэмы AN/TPQ-36 (ЗША) на фоне адзінкавых комплексаў «Заапарк». Аўтар канала мяркуе, што аб пройгрышы ў артылерыі НАТА Мінабароны РФ ведала дзесяцігоддзямі, але нічога не зрабіла.

І ў будучыні парытэту ў далёкасці не прадбачыцца. «Растэх» анансуе з'яўленне колавай гаўбіцы «Мальва», але яе прылада — 152-мм гаўбіца 2А64, ідэнтычная «Мста-Б», якая прайграе заходнім узорам у далёкасці на траціну. Аналагічная французская 155-мм САУ Caesar закідае снарад на 40 км, славацкая САУ Zuzana 2 — на 41 км, нямецкія самаходкі PzH 2000 — да 36—47 км.

Заяўленыя магчымасці абяцанай «Растэхам» САУ «Коалиция-СВ» параўнальныя з Caesar, але яе выпрабаванні вядуцца другі дзясятак гадоў, і на вайне яе няма.

Сітуацыя для Расіі настолькі сумная, што Мінабароны РФ і Z-каналы разлічваюць на дапамогу Паўночнай Карэі. Канал «Капрал» піша, што войску РФ не перашкодзілі б яе гаўбіцы з далёкасцю каля 40—70 км — 170-мм «Каксаны», упершыню прадстаўленыя на парадзе ў Пхеньяне яшчэ ў 1985 годзе.

Чытайце таксама:

УСУ нанеслі ўдар па арсенале расійскага Чарнаморскага флоту каля Севастопаля

«Самы паспяховы генерал ХХІ стагоддзя». Аляксандр Сырскі — чалавек, які стаіць за ўкраінскім наступам

Украіна наносіць удары па расійскай абароне здалёк, каб не рызыкаваць байцамі — WSJ

Nashaniva.com