У Тураве пабачылі чорную варону. І гэта сенсацыя
Беларусы часта скардзяцца на чорных варон, але гэта толькі таму, што блытаюць іх з каўкамі і гракамі. Беларускія вароны — шэрыя, а чорныя распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе і за Уралам. Але вось нарэшце і ў нас заўважылі чорную варону, пакуль што адзіную на ўсю краіну, піша «Дзікая прырода побач».
02.08.2023 / 22:40
Чорная варона ў Тураве. Фота: Іна Субоціна
Птушку, якая прыляцела на падворак паласавацца рыбнымі вантробамі, заўважыла фатографка-птушніца Іна Субоціна 30 ліпеня ў Тураве:
«Я сядзела на ганку, убачыла чорную птушку, якая праз хвіліну зляцела з даху на дарогу, куды я ўначы выкінула рыбіны вантробы. Вярнулася ў хату па камеру. Калі пачала падыходзіць, птушка ўзляцела на дах з рыбнымі вантробамі. Паклікала астатніх, хто быў дома, каб паглядзелі.
Фота Іны Субоцінай
Адразу мільганула думка пра чорную варону: птушка была акурат з варону памерам.
Думалі таксама, што можа быць малады грак. Але калі яна прыляцела зноў, я зрабіла фота ў палёце: па пер'і выглядае дарослай варонай у ліньцы, хвост прамы (у крумкача мае быць рамбаваты).
Фота Іны Субоцінай
Адправілі арнітолагу ў Францыю здымкі, там чорныя вароны гняздуюцца. І першаснае заключэнне — што гэта чорная варона», — расказвае Іна.
У Беларусі чорная варона была вядомая толькі па дзвюх асобінах, здабытых у 1931 і 1949 гадах у Гродзенскай вобласці.
Многія вучоныя лічаць чорную і шэрую варону падвідамі аднаго віду (да таго ж гэтыя птушкі даюць пладавітыя гібрыды). Але некаторыя сістэматыкі вылучаюць яе ў асобны від.
Чорную варону цяжка адрозніць ад маладога грака.
Малады грак. Фота Аксаны Казаковай
Уся інфармацыя пра птушку адпраўленая ў Беларускую арніта-фаўністычную камісію. Толькі пасля разгляду камісіі будзе вынесена рашэнне аб рэгістрацыі.
Чытайце таксама:
У Пінску зафіксавалі першы доказ гнездавання ў нас адной з найменшых птушак у Еўропе
У Швейцарыі загнездаваў рэдкі від птушак, якога тут не было 400 гадоў
У Калінкавіцкім раёне пара буслоў здолела выкарміць ажно шэсць птушанят. Гэта рэдкасць