Прэм'ерка Італіі падала ў суд на вакаліста Placebo, які назваў яе фашысткай
Рокер абразіў прэм'ерку Італіі падчас канцэрта ў Турыне.
02.08.2023 / 15:13
Джорджа Мелоні. Фота: Antonio Masiello / Getty Images
Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні падала ў суд на вакаліста музычнага гурта Placebo Браяна Молка, які назваў яе «фашысткай, расісткай і нацысткай» на канцэрце на пачатку ліпеня.
Рокер абразіў Мелоні падчас канцэрта ў Турыне. Браян Молка выступіў са сцэны з некалькімі зваротамі, у тым ліку з заклікам абароны правоў небінарных персон і трансгендараў, паведамляе РБК са спасылкай на La Stampa.
Пракуратура пачала 17 ліпеня расследаванне паводле артыкула аб «абразе ўстаноў», уключаючы ўрад, парламент, суды і войска. Максімальны штраф за «паклёп на Рэспубліку» складае €5 тыс.
Джорджа Мелоні — першая жанчына, якая стала прэм'ер-міністаркай у Італіі. Яна прадстаўляе кансерватыўную частку палітычнага спектра, у 2019 Мелоні выступала супраць аднаполых шлюбаў і падтрымлівала традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Часам яе партыю «Браты Італіі» называюць ультраправымі.
Чытайце таксама: