Судзілі раённага чыноўніка, якога нядаўна па тэлефоне адчытваў канал «Рудабельская паказуха»
Кіраўніка спраў Шумілінскага райвыканкама Сяргея Белагалова судзілі за службовую халатнасць. Два месяцы таму яму тэлефанавала блогерка Вольга Павук, каб спытаць пра эканамічны стан раёна і тое, адкуль там узяліся стратныя калгасы.
01.08.2023 / 20:06
Падчас размовы з кіраўніком спраў Шумілінскага райвыканкама Сяргеем Белагаловым. Скрын відэа канала «Рудабельская Паказуха»
Сяргея Белагалова судзілі сёння паводле арт. 428 ч.2 (Службовая халатнасць). Пра судовае паседжанне паведаміў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Падчас размовы, якую апублікавалі ў пачатку чэрвеня на ютуб-канале «Рудабельская Паказуха», блогерка Вольга Павук распытвала кіраўніка спраў Шумілінскага райвыканкама, чаму ў адным з калгасаў банкруцтва, у той час, як Міністэрства сельскай гаспадаркі сцвярджае, што стратных гаспадарак няма, колькі траціцца на абслугоўванне аўтамабільнага парку райвыканкама. Але чыноўнік унікаў адказа.
Калі Вольга спыталася, навошта патрэбна яго пасада ў райвыканкаме, як яна паляпшае жыццё людзей у раёне, чыноўнік адказаў: «Калі вы лічыце, што дадзеная пасада недарэчна, то ўносьце прапановы».
— Колькі Шумілінскі раён атрымлівае датацый? — пыталася Вольга Павук
— Шумілінскі раён датаваны на 58 працэнтаў.
— Так вы нават напалову сябе не корміце. Які толк ад вашай працы, калі вы на 58% датацыйныя? У вас карова 1,3 літра малака ў дзень дае.
— 8,2. Вось я паглядзеў апошнюю інфармацыю. А не, гэта канец красавіка.
— Так калі добрыя надоі, чаму тады банкруцтва?
— А з-за чаго банкруцтвы ўзнікаюць у гаспадарцы?
— Так вы мне пра гэта раскажыце.
— Я не кірую сельскай гаспадаркай, але на пальцах магу распавесці. Калі сям'я пачынае траціць болей, чым яна зарабляе, яна ў канцы канцоў сыдзе ў банкрута і будзе шукаць спонсара.
— А адкуль Шумілінскі раён бярэ сродкі? Дзе вы знайшлі спонсара?
— З рэспубліканскага і абласнога бюджэту. Ёсць раёны, якія зарабляюць і на сябе, і на суседа.
— Якія ў Шумілінскага раёна перашкоды, каб зарабляць і даваць суседу?
— Эканамічнае развіццё Шумілінскага раёну вось такое, якое ёсць. Сельская гаспадарка ў тым выглядзе, у якім яна ёсць.
— Так што рабіла ўлада ўсе гэтыя гады ў Шумілінскім раёне?
— Зменшылі датацыю з 70 да 58%.
— І з якога года было 70?
— Хіба што з моманту ўтварэння раёна, з 1932 года.
— Так колькі ж вам яшчэ спатрэбіцца гадоў, каб выйсці на самаакупнасць?
— Усё будзе залежыць ад працы людзей у кожнай сферы.
— Так дзе ў вас слабае звяно?
— А вы ўсё ведзяце да таго, што слабае звяно гэта раённая ўлада?
Адносна банкруцтва калгасу чыноўнік заўважыў, што яно — адзін з спосабаў паляпшэння эканомікі дадзенай гаспадаркі. Ён прывёў прыклад, як два гады назад у раёне абанкруцілі калгас, а затым далучылі яго да суседняга. У выніку, па словах Белагаловага, «людзі атрымліваюць дастойны заробак».
Чытайце яшчэ:
«Рудабельскую паказуху» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем