Лукашэнка не паляціць на саміт ААН — адправіць замест сябе міністра замежных спраў

Беларускую дэлегацыю на тыдні высокага ўзроўню сесіі Генеральнай Асамблеі ААН узначаліць міністр замежных спраў Сяргей Алейнік.

29.07.2023 / 22:38

Антоніу Гутэрыш і Аляксандр Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане ў 2017 годзе. Фота: БелТА

Пра гэта на БТ расказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

Тыдзень высокага ўзроўню сесіі Генеральнай Асамблеі ААН пачнецца 19 верасня. За суткі да гэтага ў Нью-Ёрку будзе саміт па выкананні мэт устойлівага развіцця.

У маі прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што атрымала запрашэнне генеральнага сакратара ААН на саміт па мэтах устойлівага развіцця ў верасні 2023 года ў Нью-Ёрку. Прытым генеральны сакратар ААН з нецярпеннем чакае асабіста Лукашэнку.

Лукашэнка адразу ж даў яму адказ:

«Перакананы, што досвед Беларусі па эфектыўнай арганізацыі работы на нацыянальным узроўні ў справе дасягнення мэт устойлівага развіцця будзе цікавы і карысны для многіх іншых дзяржаў — сяброў ААН. Мы, безумоўна, гатовыя падзяліцца ім падчас правядзення саміту».

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка тады заявіў, што Лукашэнку ад ААН даслалі звычайнае тыпавое запрашэнне.

Чытайце таксама:

Латушка чыноўніцы ААН: Вам мала палітвязняў і вымушаных мігрантаў?

ААН уражаная дасягненнямі Беларусі ва ўстойлівым развіцці і хоча бачыць Лукашэнку на саміце ў Нью-Ёрку

Nashaniva.com