Выйшла кніга пра фалькларыста, які падарожнічаў з Драздовічам і Купалам
У выдавецтве «Беларуская навука» выйшла кніга «Як нацыя вучылася спяваць» Яніны Грыневіч. Яна пра Антона Грыневіча (1877—1937) — выбітнага фалькларыста, беларускага дзеяча і педагога свайго часу.
28.07.2023 / 21:31
Фота з сацсетак
Антон Грыневіч быў выдатным беларускім дзеячам таго этапу гісторыі, калі зараджаўся і развіваўся арганізаваны беларускі нацыянальны рух ва ўсіх ягоных праявах: і палітычнай, і гаспадарчай, і культурнай. Грыневіч вельмі плённа працаваў менавіта на культурнай дзялянцы.
Ён шмат чаго паспеў за сваё жыццё: выдаваў спеўнікі, запісаў песні ледзь не ад паловы дзеячаў беларускага руху, падарожнічаў з Язэпам Драздовічам і Янкам Купалам, друкаваў педагагічныя брашуры і шмат чаго яшчэ.
Ягоныя біяграфія і даробак сабраныя аўтаркай па крупінках у беларускіх і літоўскіх архівах ды ў прыватных зборах.
Ідэя падрыхтоўкі і выдання кнігі пра Антона Грыневіча належала іншаму вядомаму беларускаму дзеячу навукі і культуры, ужо нашаму сучасніку Арсеню Лісу. Ён першы пачаў збіраць да яе матэрыялы, і кніга, якая цяпер выйшла, прысвечаная ягонай памяці.
Фота з сацсетак
Кнігу ўжо можна набыць у мінскай «Акадэмкнізе», але наклад яе абмежаваны.
Чытайце таксама: