Лукашэнка памяняў галоўнага разведчыка
Аляксандр Лукашэнка некалькімі ўказамі, падпісанымі 28 ліпеня, зрабіў кадравыя прызначэнні ў войску. Найбольш важным рашэннем выглядае звальненне начальніка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намесніка начальніка Генеральнага штаба УС генерал-маёра Руслана Касыгіна.
28.07.2023 / 19:54
Руслан Касыгін
Касыгін звольнены ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.
Руслан Касыгін быў кіраўніком ГРУ з 7 ліпеня 2020 года. Яму 55 гадоў, ён нарадзіўся ў крымскай Ялце і яшчэ з 2014 года выказваўся ў падтрымку агрэсіі Расіі супраць Украіны. У сваіх каментарах бягучай сітуацыі ён нярэдка скочваўся да банальнай канспіралогіі.
Заменіць Касыгіна генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк. Раней ён быў начальнікам штаба — першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання УС. Замест яго цяпер прызначаны палкоўнік Аляксандр Лаўрэнаў.
Начальнікам Галоўнай вайсковай інспекцыі УС прызначаны генерал-маёр Андрэй Гарбаценка, які раней кіраваў Мінскім Сувораўскім вайсковым вучылішчам. Генерал-маёр Іван Багуслаўскі, які быў начальнікам інспекцыі раней, звольнены ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.
На пасаду начальніка Мінскага сувораўскага вайсковага вучылішча замест Андрэя Гарбаценкі прызначаны палкоўнік Дзмітрый Кучук.
Чытайце таксама:
Займаўся боксам, рана ажаніўся. Пяць фактаў пра новага міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі
Хто ён — Аляксей Ляхновіч, новы міністр транспарту, папярэднік якога таямніча загінуў