«Мабыць, памяняліся абставіны, і анкеты сталі пераглядаць». З'явіліся новыя падрабязнасці пра ануляванне літоўскіх ДНЖ за сувязі з войскам

Як распавялі выданню dev.by супрацоўнікі кампаніі Wargaming, за іх калег, якім анулявалі ДНЖ у Літве, змагаюцца юрысты кампаніі. Магчыма, рашэнне міграцыйнай службы атрымаецца адмяніць. Тым часам высветлілася, што крыніцай праблем можа стаць не толькі ранейшая служба ў войску па кантракце, але і атрыманне ў свой час вайсковай адукацыі.

22.07.2023 / 17:17

Фота: Andrea Izzotti / vecteezy.com

Паведамленне пра ануляванне дазволаў на працу некаторыя супрацоўнікі Wargaming атрымалі на мінулым тыдні. У кампаніі падазраюць, што прычына гэтага — ранейшая служба ў беларускім войску па кантракце.

Між тым чытачам dev.by вядома і пра іншыя выпадкі анулявання ДНЖ за сувязь з «ваенкай» у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі.

«У мяне ёсць знаёмы, былы эпамавец, у якога адабралі ДНЖ з-за вайсковай адукацыі, — расказала чытачка dev.by. — У яго выпадку гэта вельмі ўдала супала з тым, што ён збіраўся вяртацца ў Расію, таму ануляванне не было для яго вельмі «балючым». Праўда, следам за гэтым пайшла забарона на ўезд у ЕС на пяць гадоў, і вось гэта ўжо было непрыемна.

Ведаю яшчэ два кейсы: гэта звычайныя беларусы, якія працавалі ў Літве на простых работах — таксістам і кімсьці накшталт будаўніка / электрыка. Пры гэтым таксіст жыў у Літве ўжо каля трох гадоў. У абодвух анулявалі ДНЖ з-за службы па кантракце. Адзін з іх змог выйграць суд, і рашэнне аб ануляванні адмянілі. Чым скончылася другая гісторыя, не ведаю».

Чытачка мяркуе, што звесткі пра сувязь з войскам або «ваенкай» службы бяспекі бяруць з анкет іншаземцаў. Маўляў, раней на гэтыя звесткі заплюшчвалі вочы, а цяпер абставіны змяніліся.

«Знаёмы экс-эпамавец вайсковую адукацыю сам пазначыў у анкеце, якую запаўняў пры падачы паўтара года таму. Тады гэта не было падставай для адмовы. А многія супрацоўнікі Wargaming пераехалі ў Вільню нашмат раней. Мабыць, памяняліся абставіны, і анкеты сталі пераглядаць».

Чытайце таксама:

З пачатку вайны ва Украіне Літва анулявала 2905 дазволаў на жыхарства беларусам і расіянам

Замена пашпарта за мяжой. Што можна зрабіць і ў якія тэрміны

«Дзякуйце за гэта сваёй Літве». У Беларусь не прапусцілі аўтобус з Вільні — пасажыраў высадзілі пасярод ночы

Nashaniva.com