Ці могуць Беларускі Чырвоны Крыж выключыць з міжнароднай арганізацыі?
Пасля з'яўлення генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова на Данбасе з Z-сімволікай міжнародная федэрацыя адрэагавала на сітуацыю. «Нам не паведамілі пра гэты візіт, і мы не ўдзельнічалі ў ніякіх мерапрыемствах», — заявілі там. Украінскі Чырвоны Крыж заклікаў выключыць беларускае таварыства. Але ці можа гэта здарыцца?
21.07.2023 / 10:18
Дзмітрый Шаўцоў і прапагандыстка Настасся Бенедзясюк на Данбасе. Скрын відэа БТ
Экспертка ў галіне міжнароднага права і правоў чалавека Кацярына Дэйкала заўважае: ёсць дзве арганізацыі — Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа і Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа. Федэрацыя — гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння і абмену досведам нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа (іх 191). Менавіта яна адрэагавала на сітуацыю з Шаўцовым.
«МКЧК рэпутацыйна, вядома, закранае, але трэба разумець, што Беларускі Чырвоны Крыж не з'яўляецца падраздзяленнем Міжнароднага Камітэта. Ён уваходзіць у Федэрацыю. Таму чыста аперацыйна, на ўзроўні адміністрацыйных рашэнняў МКЧК не можа ўплываць на Федэрацыю, гэта розныя арганізацыі.
Асноўны орган Федэрацыі — Генеральная асамблея, якая складаецца з прадстаўнікоў нацыянальных таварыстваў. Адно таварыства — адзін голас. Тут будзе ўсё залежаць ад таго, як павядуць сябе іншыя сябры Федэрацыі. Паводле статута сябра можна выключыць або прыпыніць сяброўства. І для таго, каб выключыць, трэба 60% галасоў сяброў Федэрацыі.
Па сутнасці рашэнне за нацыянальнымі таварыствамі іншых краін», — каментуе Кацярына Дэйкала.
Экспертка звяртае ўвагу: відавочна парушэнне асноўнага прынцыпу руху Чырвонага Крыжа — прынцыпу нейтральнасці ў дачыненні да бакоў у вайне. Астатняе патрабуе далейшага вывучэння.
Чым пагражае выключэнне? Беларускі Чырвоны Крыж у такім разе пазбавяць фінансавай дапамогі, магчымасці ўдзелу ў праграмах, права выкарыстоўваць эмблему Чырвонага Крыжа і пад гэтай назвай існаваць.
Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка кажа, што яны звяртаюць увагу міжнародных партнёраў на такія абставіны.
«Разам з тым, ініцыятыва па прыняцці канкрэтных мер рэагавання па гэтым пытанні павінна сыходзіць у першую чаргу ад тых, чыю рэпутацыю падрываюць такія дзеянні і ў адносінах да каго здзяйсняюцца магчымыя злачынствы. Я цяпер маю на ўвазе ў першую чаргу ўсе арганізацыі, якія ўваходзяць у Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама дзяржаву Украіну.
Можам толькі канстатаваць, што сур'ёзных крокаў, накшталт выключэння Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, наўрад ці можна прадбачыць. Такіх прэцэдэнтаў яшчэ не было.
Аднак калі будуць устаноўлены факты прамога ўдзелу БТЧК менавіта ў масавым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыі Украіны ў Беларусь, дзе яны падвяргаліся ідэалагічнаму перавыхаванню (відэа сясцёр Груздзевых тут яркі прыклад), то гэта ўжо адназначна можна разглядаць як ваеннае злачынства, у якім непасрэдны ўдзел узяў кіраўнік БТЧК».
Палітык дадаў, што пры атрыманні доказаў яны будуць інфармаваць Генпракуратуру Украіны і офіс пракурора МУС.
Чытайце таксама:
Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысціўся ад паездак Шаўцова на Данбас
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, які засвяціўся з Z-сімволікай, расказаў, што робіць на Данбасе
«А мы гэта канкрэтна можам зрабіць» — Шаўцоў з Чырвонага Крыжа пра ядзерную зброю