Ад Швейцарыі да Новай Зеландыі. Пяць крутых футбалістак з жаночага чэмпіянату свету
У Аўстраліі і Новай Зеландыі сёння распачынаецца жаночы чэмпіянат свету па футболе. Расказваем пра пяць спартовак, чыя прысутнасць на полі зробіць гэты турнір больш яркім (але насамрэч іх там нашмат больш).
20.07.2023 / 18:09
Амерыканскія футбалісткі Ліндсі Хоран, Сафія Сміт і Трыніці Голдман святкуюць гол апошняй у вароты Уэльса. 9 ліпеня 2023 года, таварыская гульня паміж ЗША і Уэльсам. Фота: AP Photo / Josie Lepe
Алекс Морган (ЗША)
Морган на полі падчас таварыскай гульні з Ірландыяй, 11 красавіка 2023 года. Фота: AP Photo / Jeff Roberson, File
Цяжка ўявіць жаночы футбольны топ-спіс без гэтай амерыканкі. 34-гадовая Морган — нападаючая амерыканскага клуба San Diego Wave FC, які гуляе ў найвышэйшай лізе прафесійнага жаночага футбола ў ЗША, а таксама зорка нацыянальнай зборнай. У абедзвюх камандах Алекс — капітан.
Фота: @alexmorgan13 / Instagram
У зборнай Морган празвалі «Конікам» за яе хуткасць, стыль бегу і маладосць. Яна чэмпёнка Алімпіяды-2012, двухразовая чэмпіёнка свету (2015 і 2019 гады), а таксама віцэ-чэмпіёнка свету — 2011. Яшчэ адзін цікавы паказчык — па стане на ліпень 2023 года Алекс з’яўляецца самай папулярнай у сацсетках амерыканскай футбалісткай, бо яе акаўнт у інстаграме мае 10 мільёнаў падпісантаў.
Фота: Richard Shotwell / Invision / AP, File
Морган — веганка. Яна замужам, і свайго каханага сустрэла на футбольным полі: Сэрванда Караска грае ў клубе Fort Lauderdale CF з трэцяй амерыканскай лігі. Футбалістка шмат здымалася ў рэкламе і была аўтаркай серыі дзіцячых кніг The Kicks пра чатырох дзяўчатак-футбалістак. У 2015 годзе Time прызнаў яе адной з самых высокааплатных амерыканскіх футбалістак.
Джардын Уітэма (Канада)
Фота: AP Photo / Marcio Jose Sanchez
Высокай спартоўцы ўсяго 22 гады, але ў яе ўжо хапае дасягненняў. Разам з канадскай зборнай Джардын стала ў 2020-м алімпійскай чэмпіёнкай, разам з французскім «Пары Сэн-Жэрмэн» — чэмпіёнкай Францыі ў сезоне 2020/21 і ўладальніцай Кубку краіны ў сезоне 2021/22.
Фота: @jordynhuitema / Instagram
Цяпер Уітэма, якую лічаць адной з найталенавіцейшых маладых футбалістак свету, гуляе ў амерыканскім клубе OL Reign. А свой шлях у футбол яна пачала яшчэ ў чатыры гады у родным горадзе Чылівак. Гуляла не толькі з дзяўчатамі, але і з хлопцамі: Джардын перайшла ў хлапечую каманду, калі ёй было дзесяць, бо ўзровень дзявочай каманды быў занадта нізкі для яе.
Фота: AP Photo / Phelan M. Ebenhack
Але ў сеціве дзяўчыну ведаюць не толькі па гэтым. Уітэма сустракалася з зоркай «Баварыі» і канадскай мужчынскай зборнай Альфонса Дэвісам, але ж той, па сцверджанні дзяўчыны, здрадзіў ёй.
Фота: @jordynhuitema / Instagram
На месца Дэвіса прыйшоў іншы зорны спартовец, праўда, цяпер са свету бейсбола. Новы каханы бландынкі — дамініканец Хуліа Радрыгес.
Мелані Лойпальц (Германія)
Фота: Harriet Lander — Chelsea FC / Chelsea FC via Getty Images
Абаяльная немка ў 2013 годзе стала чэмпіёнкай Еўропы, хаця не адыграла за зборную ні адной гульні. Затое ў 2016 годзе Лойпальц выходзіла за нацыяналку на Алімпіядзе ў Рыа, дзе дапамагла сваёй камандзе здабыць золата.
Фота: Daniel Karmann / picture alliance via Getty Images
На клубным узроўні ў 29-гадовай футбалісткі ўсё таксама няблага. Разам з «Чэлсі» яна дабіралася да фіналу жаночай Лігі Чэмпіёнаў — 2021, а цяпер, магчыма, дадасць да сваіх узнагарод і медаль сёлетняга жаночага чэмпіянату свету.
Фота: Matthias Hangst / Getty Images
Мелані супрацоўнічае з арганізацыяй World Vision, якая дапамагае дзецям атрымаць доступ да пітнай вады, здаровага харчавання, медыцынскага абслугоўвання і адукацыі. Праз яе спонсары могуць станавіцца «хроснымі бацькамі» дзяцей з нешчаслівых краін свету і фінансаваць задавальненне іх патрэбаў.
Фота: Harriet Lander — Chelsea FC/Chelsea FC via Getty Images
Каханы Лойпальц яшчэ больш знакаміты, чым яна сама. Меркавана, у яе раман з Самі Хедзірам, экс-гульцом мадрыдскага «Рэала» і «Ювентуса», дзясятым футбалістам у гісторыі, які за адзін сезон выйграў і Лігу чэмпіёнаў, і чэмпіянат свету. Хедзіру таксама называюць бацькам сына Мелані, які нарадзіўся ў канцы 2022 года.
Аліша Леман (Швейцарыя)
Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis
У багажы гэтай спартоўкі з мадэльнай знешнасцю пакуль што няма сапраўды топавых узнагародаў (але цяперашні чэмпіянат можа ўсё змяніць). Нападаючая «Астан Вілы» і швейцарскай нацыяналкі дабіралася да фіналу юнацкага ЧЕ-2015, а таксама, разам з «Вест Хэмам», да фіналу Кубка Англіі сезону 2018/2019 — і пакуль усё.
Фота: @alishalehmann7 / Instagram
Затое Леман надзвычай папулярная ў сацсетках. У інстаграме на яе падпісаныя больш за 14 мільёнаў чалавек, што робіць дзяўчыну найлепшай па гэтым паказчыку сярод футбалістак свету.
Фота: @alishalehmann7 / Instagram
Аліша часта трапляла ў стужкі навін праз яе раманы. Леман — адкрытая бісэксуалка і раней сустракалася з партнёркай па зборнай Рамонай Бахман.
Фота: @alishalehmann7 / Instagram
Потым у яе жыцці з'явіўся Дуглас Луіс, футбаліст мужчынскай «Астан Вілы». Але, наколькі вядома, цяпер сэрца швейцаркі вольнае.
Ава Колінз (Новая Зеландыя)
Фота: AP Photo / Lee Jin-man
21-гадовая Колінз — новы твар у сусветным жаночым футболе. Яна грае за амерыканскую студэнцкую каманду St. John’s WSOC і мае добрую будучыню на нацыянальным узроўні — ва ўсякім разе, дзяўчына заручылася даверам трэнеркі мясцовай зборнай Йіткі Клімкавай.
Фота: avacollins / Instagram
Ава разумная дзяўчына. Аднойчы, напрыклад, яна прадставіла 15-хвілінную прамову па тэме экзістэнцыялізму на французскай мове.
Фота: avacollins / Instagram
Колінз родам з навазеландскага Окленда, але цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Там яна вывучае французскую мову, кіно і тэлебачанне. Дзяўчына прызнаецца, што любіць гаварыць пра французскую філосафку Сімону дэ Бавуар — незвычайны выбар для футбалісткі!
Фота: avacollins / Instagram
У будучыні навазеландка марыць гуляць у прафесійным французскім клубе, праўда, трэба яшчэ папрацаваць над мовай. Колінз прызнаецца, што ў яе ўменні гаварыць па-французску і разумець гэтую мову на слых ёсць недапрацоўкі.
Чытайце таксама:
У чым феномен футбола ў Саудаўскай Аравіі, куды за Раналду ламануліся топавыя еўрапейцы
Сціплы геній з іспанскай вёскі. Хто такі Карлас Алькарас — малады пераможца Уімблдана