Саудаўская Аравія і Турцыя вядуць таемныя перамовы па вяртанні ўкраінскіх дзяцей з Расіі і Беларусі — Financial Times
Паводле інфармацыі крыніц выдання, Украіна і Расія ў гэтым пытанні настолькі непрымірымыя, што не маюць ніякіх прамых кантактаў. Таму на дапамогу прыходзяць пасярэднікі ў асобе некаторых краін і нават пэўных людзей.
18.07.2023 / 15:39
Фота: Вадзім Гірда / АР
18 ліпеня выданне Financial Times са спасылкай на некалькі крыніц паведаміла аб таемным імкненні Турцыі і Саудаўскай Аравіі паспрыяць вяртанню дадому ўкраінскіх дзяцей з Расіі і Беларусі.
Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, падкрэсліваюць, што і Украіна, і Расія з-за «надзвычайнай адчувальнасці і спрэчнасці пытання» не вядуць аніякіх прамых перамоў на гэту тэму.
Таму некаторыя краіны і асобныя людзі вось ужо некалькі месяцаў спрабуюць непублічна граць ролю пасярэднікаў з мэтай заключыць дамову аб рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей.
«Непасрэднай сувязі паміж украінскім і расійскім бакамі няма, бо гаворка ідзе не пра звычайны абмен ваеннапалоннымі, а пра вяртанне цывільных асоб. Тым больш гаворка ідзе пра дзяцей, што робіць пытанне надзвычай спрэчным і адчувальным.
Бакамі нават не вядуцца цэнтралізаваныя запісы аб тым, колькі дзяцей было вывезена з Украіны. На дапамогу ў гэтым і іншых пытаннях прыходзяць некаторыя краіны, напрыклад, Саудаўская Аравія і Турцыя, а таксама існуе пасярэдніцтва асобных людзей, як расійскі бізнэсмен Раман Абрамовіч», — піша выданне Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.
Нагадаем, што пытанне вывазу ўкраінскіх дзяцей ужо стала прычынай для выдачы ордара на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з боку Міжнароднага крымінальнага суда.
Расійскія ўлады з пачатку вайны ва Украіне актыўна вывозяць адтуль тысячы дзяцей і адпраўляюць іх у свае лагеры, санаторыі прыёмныя сем'і і г. д., спрабуючы пры гэтым перавыхаваць нацыянальную свядомасць дзяцей і нават навучаючы іх валодаць зброяй.
У гэтым працэсе таксама ўдзельнічае і рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, на загад якога ў краіну ўжо было вывезена некалькі тысяч украінскіх дзяцей, што публічна прызналі прапагандысты, а таксама афіцыйна пацвердзілі ўкраінскія ўлады.
Чытайце таксама: