Родныя Бабарыкі трапілі на прыём у калоніі. Што ім расказалі
17 ліпеня сваякі Віктара Бабарыкі размаўлялі з адміністрацыяй папраўчай калоніі №1 у Наваполацку, як распавядае тэлеграм-канал асуджанага на 14 гадоў экс-банкіра, які ўвесну 2020 года наважыўся кінуць выклік Лукашэнку.
18.07.2023 / 11:30
Віктар Бабарыка ў судзе. Фота: БелТА
— Віктар Бабарыка знаходзіцца ў ПК-1. Яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), куды адпраўляюць за парушэнні на пэўны тэрмін.
— у ПКТ забароненыя званкі і спатканні, але перапіска можа быць.
— Здароўю Віктара Бабарыкі нібыта нічога не пагражае.
— Самога Бабарыку ім не паказалі.
***
Пра Віктара Бабарыку, асуджанага на 14 гадоў калоніі, нічога не вядома два з паловай месяцы. Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, у ноч з 24 на 25 красавіка яго шпіталізавалі ў бальніцу Наваполацка.
12 мая ад праваабаронцаў з’явілася інфармацыя, што да свайго атрада ў наваполацкай калоніі ён нібыта ўжо не прыпісаны, а пазней — пра тое, што яго нібыта перавялі ў турэмную бальніцу пры СІЗА-1 у Мінску. Пасля гэтага ніякіх звестак не паступала.
17 мая адбылося масавае затрыманне медыкаў у Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы — акурат той, куды прывезлі былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта і адкуль падпольны «Рабочы рух» атрымаў інфармацыю пра яго шпіталізацыю. Многім медыкам далі ад 10 да 15 сутак. Некаторым выпісалі штрафы.
Потым медыкаў звольнілі за прагулы, як паведамляў тэлеграм-канал «Белыя халаты».
Сын Віктара Бабарыкі Эдуард хадайнічаў, каб бацьку выклікалі ў якасці сведкі на суд, але экс-банкір, хутчэй за ўсё, у судзе так і не з'явіўся.
Разам з тым варта адзначыць, што пасля з'яўлення чутак пра смерць іншага палітвязня — Сяргея Ціханоўскага — на наступны дзень праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з яго ўдзелам. Пра Бабарыку — маўчок.
Кіраўнік Белгазпрамбанка вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары 2020 года і сабраў рэкордную колькасць подпісаў выбарцаў. Сацыялагічныя даследаванні паказвалі, што ён мае самы высокі рэйтынг сярод усіх кандыдатаў. Аднак у чэрвені 2020 года лукашэнкаўцы яго арыштавалі, а Цэнтрвыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата.
Чытайце таксама:
У Віктара Бабарыкі можа быць зламана рабро і прабіта лёгкае — Кабанаў
На Валадарцы Бабарыкі няма, ён «у Калядзічах». Так адказалі ў СІЗА-1
Віктара Бабарыку маглі перавесці ў бальніцу мінскага СІЗА — што гэта кажа пра яго здароўе?
Бабарыка больш не прыпісаны да атрада — праваабаронцы
Усіх затрыманых медыкаў у Наваполацку звольнілі па артыкуле за прагулы — «Белыя халаты»