Амерыканская кампанія пачала пастаўляць кліентам сотні тысяч бясплатных тэлевізараў. Але ёсць нюанс
Кампанія Telly пачала масава рассылаць кліентам 55-цалевыя «разумныя» тэлевізары, за якія не трэба плаціць ні капейкі грошай. Як піша выданне The Verge, такой шчодрасці існуе выразнае тлумачэнне — у гэтых прыладах ідзе бясконцая рэклама, якую нельга адключыць.
15.07.2023 / 19:14
Бясплатны «разумны» 55-цалевы тэлевізар з бясконцай рэкламай ад кампаніі Telly. Фота: Telly
Рэклама не замінае прагляду тэлеперадач і іншага кантэнту, бо для яе прадугледжаны дадатковы, убудаваны ніжні экран. Менавіта паказ бясконцай рэкламы ў сукупнасці са згодай карыстальнікаў даваць вялізны масіў канфідэнцыйных даных для рэкламадаўцаў будзе цалкам акупляць кошт тэлевізара.
Усяго плануецца паставіць тэлевізары 500 тысячам кліентаў да канца 2023 года, а далей колькасць такіх прылад будзе складаць «мільёны».
«Нягледзячы на бясконцую рэкламу, якую немагчыма адключыць, у нашым спісе чакання ўжо зарэгістраваліся 500 тысяч кліентаў, у наступным годзе мы плануем паставіць ужо мільёны тэлевізараў. Мала таго, што гэта самы разумны тэлевізар з калі-небудзь створаных, дык гэта яшчэ і беспрэцэдэнтны эксперымент па масавым аналізе эфектыўнасці рэкламы і пераваг карыстальнікаў. І ўсё гэта бясплатна», — заявіў генеральны дырэктар і заснавальнік Telly Ілья Позін.
Ён дадаў, што яго «разбуральная» бізнэс-мадэль зробіць рэвалюцыю ў тэлевізійнай галіне, а сама прылада ўжо інтэграваная з многімі стрымінгавымі сэрвісамі фільмаў, музыкі і гэтак далей.
На думку Позіна, любыя тэлевізары ў будучыні павінны быць цалкам бясплатнымі, а плаціць трэба толькі за кантэнт.
Чытайце таксама:
У мінскім кафэ з’явіўся першы робат-афіцыянт. Але чалавеку ён саступае
У ЗША прыбіральнік выпадкова знішчыў 25 гадоў навуковай працы. Яму пагражае велізарны штраф
У Японіі амаль стварылі лекі, якія дазваляюць адрошчваць адсутныя зубы