Беларускія памежнікі абвінавацілі літоўскага калегу ў парушэнні мяжы. Літоўцы не пярэчаць
Супрацоўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падчас афармлення грамадзян у пункце пропуску «Меднікі» («Каменны Лог») 13 ліпеня парушыў беларускую мяжу, як паведаміла сёння прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Літоўцы ў прынцыпе не пярэчаць, што інцыдэнт мог быць, але адмаўляюць злы намер.
14.07.2023 / 16:00
Фота: ДПК
«Узброены прадстаўнік літоўскага памежнага ведамства зайшоў на беларускую тэрыторыю на некалькі метраў і вярнуўся назад. Інцыдэнт зафіксаваны камерамі назірання. Пра факт незаконнага перасячэння беларускай мяжы ў акрэсленым парадку праінфармаваны сумежны бок», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у сваю чаргу, паведаміла, што ў чацвер яе службовая асоба сапраўды магла зайсці на тэрыторыю Беларусі. Як паведаміла служба, у чацвер у другой палове дня да памежнікаў, якія працуюць на прапускным пункце ў Медніках, звярнулася жанчына з немаўлём на руках, якая рухалася ў Літву, і сказала, што хоча хутчэй перасекчы мяжу.
«Калі памежнік пачаў суправаджаць яе да аўтамабіля, па папярэдніх звестках, па неасцярожнасці ён мог заступіць на беларускі бок», — паведаміла служба.
У яго не было службовай зброі. Памежнік служыць у САДМЛ два тыдні. У сувязі з тым, што адбылося, у віленскім падраздзяленні САДМЛ распачата службовая праверка, вядзецца ўдакладненне абставін.
Чытайце таксама:
Праз рамонт дарогі павялічацца чэргі на мяжы Беларусі з Літвой
У чэрвені як мінімум 36 чалавек былі асуджаныя пасля затрымання на мяжы
Стаяць 30 гадзін на польскай мяжы ці ехаць круг 700 км праз Літву?