Уладзімір Зяленскі прыбыў у Вільню на саміт
Самалёт з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на борце прыбыў у міжнародны аэрапорт Вільні, паведамляе «Еўрапейская праўда».
11.07.2023 / 16:31
Фота: Francisco Seco / AP
Прыбыццё Зяленскага ў Вільню пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў.
Прэзідэнт Украіны ляцеў польскім урадавым самалётам з горада Жэшува, самалёт прызямліўся ў 15:46.
Пры гэтым анансаваная Альянсам праграма ўдзелу Уладзіміра Зяленскага ў афіцыйных мерапрыемствах саміту пачынаецца крыху пазней. Раней генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заяўляў, што Зяленскі ў аўторак возьме ўдзел толькі ў вячэры лідараў, а пасяджэнне Рады Украіна — НАТА анансавана на сераду.
Між тым менавіта цяпер на саміце працягваюцца перамовы аб тым, як будзе сфармулявана рашэнне адносна Украіны і яе руху да сяброўства ў Альянсе. І раней сёння Зяленскі публічна раскрытыкаваў НАТА за нерашучасць у гэтым пытанні.
Чытайце таксама:
Чаго чакае Украіна ад саміту НАТА ў Вільні?