Павел Латушка абмеркаваў з польскімі ўладамі праблемы беларускага бізнэсу

Павел Латушка правёў працоўную сустрэчу па праблемах развіцця беларускага бізнэсу ў Міністэрстве развіцця і тэхналогій Польшчы.

10.07.2023 / 18:52

Павел Латушка з прадстаўнікамі польскага міністэрства А. Сямашкам і М. Фалькоўскім. Фота: CabinetBelarus

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета агучыў такія прапановы, як

— Пашырэнне праграмы Poland Business Harbor на больш шырокае кола прадпрымальнікаў.

На сёння ўжо 93% з больш чым 75 тысяч віз па гэтай праграме выдадзеныя грамадзянам Беларусі. Прадстаўнікі польскага боку абяцалі разгледзець пытанне спрашчэння выдачы віз для прадстаўнікоў іншага інавацыйнага бізнэсу, акрамя ІТ-сектара;

— Стварэнне адукацыйнай праграмы для тых, хто жадае распачаць сваю справу ў Польшчы, у галіне правіл вядзення бізнэсу і формаў падтрымкі з боку дзяржавы,

а таксама адзінага інфармацыйнага партала для беларусаў аб магчымасцях і патрабаваннях у сферы прадпрымальніцтва. Прадстаўнікі міністэрства растлумачылі, што такія праграмы плануецца ствараць як на ўзроўні Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва, так і на лакальным узроўні — мясцовымі арганізацыямі развіцця бізнэсу і СЭЗ.

— Стварэнне магчымасцяў для рэлакацыі беларускага бізнэсу ў Польшчу праз больш прывабны ў параўнанні з Беларуссю падатковы рэжым.

Павел Латушка з прадстаўнікамі польскага міністэрства А. Сямашкам і М. Фалькоўскім. Фота: CabinetBelarus

Польскім бокам агучана гатоўнасць даваць ільготы для беларускіх прадпрымальнікаў па праграме IP box пры працаўладкаванні моладзі і інш., абмеркавана пытанне дзейнасці беларускіх прадпрымальнікаў у межах СЭЗ Польшчы.

На сустрэчы абмеркавана магчымасць стварэння двухбаковай кансультацыйнай групы па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва.

Міністэрства развіцця і тэхналогій Польшчы гатова на рэгулярнай аснове ўзаемадзейнічаць з Кабінетам і беларускімі бізнэс-асацыяцыямі ў межах кансультацыйных сустрэч і на практыцы падтрымаць стварэнне шырокага аб'яднання беларускіх дзелавых структур. 

Таксама вялася размова аб арганізацыі восенню бягучага года кансультацыйнай сустрэчы шырокага кола прадстаўнікоў з беларускага і польскага бакоў з мэтай комплекснага разгляду праблем дзейнасці беларускага бізнэсу ў Польшчы.

Чытайце таксама:

«КДБ, МУС — мы ўсюды былі». Прадпрымальнікі расказалі, з якімі праблемамі сутыкаюцца і якія плюсы бачаць

Ці варта цяпер разглядаць куплю нерухомасці як добрую інвестыцыю і сродак зберажэння накапленняў?

У Вільні адкрыўся офіс Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой

Nashaniva.com