Лукашэнка назваў ужо новыя тэрміны пастаўкі ў Беларусь ядзернай зброі. Яны ўвесь час ссоўваюцца

Да канца года ўся ядзерная зброя, прызначаная для перамяшчэння ў Беларусь, будзе дастаўленая. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з журналістамі замежных і беларускіх медыя, перадае БелТА.

06.07.2023 / 14:38

Комплекс «Іскандэр». Фота: «Ваяр»

«Да канца года дакладна. Але, я думаю, значна раней мы поўнасцю перамесцім боегалоўкі, якія прызначаныя для гэтага», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, месцы для размяшчэння ядзернай зброі былі поўнасцю гатовыя яшчэ месяц таму.

«Значная частка ядзернай зброі перамешчаная і знаходзіцца ў Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін упершыню абвясціў, што Расія на просьбу Лукашэнкі размесціць у Беларусі ядзерную зброю.

Тады Пуцін заяўляў, што 1 ліпеня РФ заканчвае будаўніцтва спецыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і што Расія перадала Беларусі комплекс «Іскандэр», які можа быць носьбітам ядзернай зброі.

Лукашэнка 25 мая паведаміў, што ўсё ўжо гатова і першая зброя ў Беларусі.

«Нам трэба было падрыхтаваць месцы захоўвання і іншае.

Мы ўсё гэта зрабілі, таму пачалося перамяшчэнне ядзернай зброі і боепрыпасаў», — сказаў ён тады. 

9 чэрвеня ж Пуцін заявіў, што сховішчы для зброі яшчэ не падрыхтаваны. Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу пасля завяршэння 7-8 ліпеня падрыхтоўкі збудаванняў для яе, казаў ён. 

Але 16 чэрвеня прэзідэнт Расіі, выступаючы на Пецярбургскім эканамічным форуме, раптам паведаміў, што расійская ядзерная зброя ўжо ў Беларусі.

«Мы вялі перамовы з нашай Саюзнай дзяржавай, прэзідэнтам Лукашэнкам наконт таго, што мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Першыя ядзерныя зарады дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, але толькі першыя», — заявіў Пуцін.

Таксама ён адзначыў, што да канца лета або года ў Беларусь будзе дастаўлена ўся запланаваная ядзерная зброя.

Між тым разведкі замежных краін, а таксама маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» не бачаць сведчанняў перамяшчэння ядзернай зброі ў Беларусь.

Лукашэнка ж сёння заўважыў, што зброю перамяшчалі «не па зямлі». Як гэта адбылося, ён не ўдакладніў.

Чытайце таксама:

Ядзерная гульня Пуціна і Лукашэнкі: у чым жа будзе роля беларусаў і якія могуць быць яе наступствы?

Ніводнай ядзернай боегалоўкі Расія пакуль Беларусі не перадала — украінская разведка

«Гэта зброя прымусіць паважаць нашы інтарэсы». Старшыня гомельскага Чырвонага Крыжа падтрымала размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі

Nashaniva.com