Арцыбіскуп Гуджэроці прызнаўся ў Будславе, што за мяжой вельмі сумаваў па беларускіх драніках

1 ліпеня святую імшу на сёлетнім фэсце ў Будславе ўзначаліў Прэфект дыкастэрыі па справах Усходніх касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ў 2011-2015 гадах быў апостальскім нунцыем у Беларусі. Перад вернікамі ён падзяліўся з гасцямі фэсту ўспамінамі, піша catholic.by.

05.07.2023 / 08:43

Фота: Catholic.by

Пасля ад'езду з Беларусі ён быў апостальскім нунцыем ва Украіне, пасля ў Вялікабрытаніі, потым вярнуўся ў Ватыкан.

«Ідучы, вы адчувалі пах вашай зямлі. Не прыміце гэта за жарт, але калі я думаю пра гэтую зямлю, я думаю пра вашую бульбу. Вы ведаеце, што вашая бульба стала вельмі вядомай нават за мяжой…», — расказаў Клаўдыа Гуджэроці.

«Гэтая сувязь з зямлёй для мяне азначае капаць бульбу»,— прамовіў па-беларуску папскі пасланнік. — Я думаю пра тое, што адбываецца з вашай бульбай. Я пакаштаваў лёс бульбы. Ведаеце, які? Які заканчваецца ў руках вашых матуль і бабуль, калі з яе атрымліваюцца дранікі. Я марыў пра дранікі з таго часу, як выехаў адсюль.

Колькі разоў, адпаведнаю парою едучы вашымі дарогамі, праз вашыя вёскі, я пытаўся: «Куды едзеш?» І многія людзі: сяляне, рабочыя, а таксама студэнты, выкладчыкі ўніверсітэтаў казалі мне: «Гэта час бульбы, і мы едзем капаць бульбу», — па-беларуску сказаў іерарх. — Бачыце дарагія браты і сёстры: капаць — гэта вельмі важны дзеяслоў, таму што адносіцца не толькі да бульбы. Ён адносіцца і да нашай душы.

Кожны з вас пакліканы капаць у глыбіні сябе, каб зразумець сябе паасобку і як народ, каб адкрыць, адкуль паходзіць вашая надзея, якую ніхто ў вас не можа забраць.

Ведаеце чаму? Таму што яна выціснутая ў вашых сэрцах. Там ёсць Божае аблічча, таму што вы былі створаныя паводле вобразу і падабенства Бога. Там запісана непарушная годнасць кожнай чалавечай істоты, якую асабіста любіць Пан Бог», — зазначыў папскі пасланнік.

Чытайце таксама:

Улады паабяцалі Гуджэроці дапамагчы ў аднаўленні касцёла ў Будславе

Арцыбіскуп Гуджэроці — да вернікаў у Будславе: Я ўжо немалады, я прывітаю вас у Раі па-беларуску

Наведнік фэсту ў Будславе: Не свята, а адны мянты

Nashaniva.com