Meta запускае новы сэрвіс Threads — непасрэднага канкурэнта Twitter. Запуск ужо заўтра
«Тэкставая мабільная праграма для камунікацый» пад назвай Threads ужо даступная для перадзамовы ў Apple App Store, аднак спампаваць яе можна будзе не раней за чацвер.
05.07.2023 / 07:29
Кампанія Facebook Meta запускае новы сэрвіс на базе Instagram, які вельмі нагадвае па функцыянале Twitter і павінен скласці яму непасрэдную канкурэнцыю, як піша Бі-бі-сі.
«Тэкставая мабільная праграма для камунікацый» пад назвай Threads ужо даступная для перадзамовы ў Apple App Store, аднак спампаваць яе можна будзе не раней за чацвер.
У апісанні сэрвісу паказваецца, што Threads — гэта платформа, «дзе людзі збіраюцца разам, каб абмеркаваць усё запар: ад таго, што іх хвалюе сёння, да таго, што будзе ў трэндзе заўтра».
Мяркуючы па апублікаваных скрыншотах, карыстальнікі Threads змогуць публікаваць кароткія тэкставыя паведамленні, якія, як і ў Twitter, можна будзе лайкаць, каментаваць або дзяліцца імі са сваімі чытачамі.
Meta
Сам Twitter перажывае актыўны адток карыстальнікаў пасля яго куплі мільярдэрам Іланам Маскам, які скараціў амаль палову супрацоўнікаў кампаніі і пачаў зразаць у правах уладальнікаў бясплатных акаўнтаў, спрабуючы прымусіць іх падпісацца на платную версію сэрвісу Twitter Blue.
Апошнім такім крокам стала ў суботу абмежаванне колькасці твітаў, даступных для прагляду з бясплатных акаўнтаў. Папулярная панэль TweetDeck усё яшчэ даступная ўсім карыстальнікам твітара, але Маск ужо паабяцаў, што праз 30 дзён платнай стане і яна.
Мяркуючы па апублікаваных скрыншотах новай мабільнай праграмы Threads, сэрвіс будзе цалкам бясплатным і без якіх-небудзь абмежаванняў на колькасць даступных для прагляду паведамленняў.
У апошнія некалькі гадоў запусцілі некалькі мабільных праграм, што вельмі нагадваюць Twitter. Самыя вядомыя з іх — Mastodon і Bluesky, аднак нават яны моцна саступаюць яму па папулярнасці.
У сваю чаргу Meta таксама не першы раз запазычвае ў канкурэнтаў папулярныя ідэі. Напрыклад, функцыя паведамленняў, якія знікаюць праз 24 гадзіны, (больш вядомая як «сторыз») упершыню з'явілася на платформе Snapchat.
Аднак у 2016 годзе яе скапіявалі спачатку распрацоўшчыкі Instagram, а затым і Facebook, і на сёння гэты фармат найбольш папулярны менавіта ў праграмах Meta.
Мяркуючы па апошняй справаздачы, у першым квартале года сукупная штодзённая аўдыторыя ўсіх трох платформ Meta — Facebook, Instagram і WhatsApp — складала больш за 3 мільярды чалавек.
Чытайце таксама:
Ілан Маск аб'явіў пра ўвядзенне ў твітары квоты на колькасць запісаў, якія можна прачытаць за дзень
У твітары больш не будзе блакітнай птушачкі
Усё ж такі бою паміж Маскам і Цукербергам быць. Ён можа адбыцца ў незвычайным месцы