БПЦ гатовая прыняць прарасійскіх манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры ў сябе, калі іх адтуль выселяць 

Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы выдаў заяву, у якой асудзіў планы па нібыта вывазе з Кіева-Пячэрскай лаўры асабліва шанаваных царкоўных святынь. Чуткі пра нібыта наяўнасць ва ўкраінскіх уладаў падобных планаў раней запусціла расійская прапаганда.

04.07.2023 / 21:08

Фота: AP Photo/Andrew Kravchenko

Беларуская праваслаўная царква падхапіла расійскі прапагандысцкі наратыў і пабудавала сваю заяву на ім. Паводле БПЦ, «украінскія ўлады працягваюць вераломныя замахі на вялікую святыню ўсіх праваслаўных вернікаў, не пакідаючы бязбожных спробаў спустошыць калыску праваслаўнай веры ўсходнеславянскіх народаў», і гэта, маўляў, нягледзячы на пратэсты шматлікіх вернікаў і асуджэнне міжнароднай супольнасці. 

Іерархія БПЦ бядуе, што нібыта існуе вялікая небяспека, што каштоўнасці могуць быць пашкоджаныя ці згубленыя пры гэтым меркаваным транспартаванні альбо, што яшчэ страшней, апынуцца ў музеях ці прыватных калекцыях.

Хвалюе Беларускі экзархат РПЦ лёс не толькі рэчаў, але і людзей: «Парушэннем заканадаўства, дэманстратыўным актам пагарды да агульначалавечых каштоўнасцяў і правоў вернікаў з'яўляецца чарговае прадпісанне Міністэрства культуры Украіны насельнікам Кіева-Пячэрскай лаўры пакінуць тэрыторыю манастыра, а таксама высокая імавернасць выгнання манахаў з лаўры».

У выпадку, калі такое адбудзецца, у Беларусі ўжо гатовыя прыняць гэтых манахаў на сваёй тэрыторыі.

Актыўная фаза канфлікту вакол Кіева-Пячэрскай лаўры цягнецца з сакавіка гэтага года. Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату шмат гадоў бязвыплатна займала памяшканне Кіева-Пячэрскай лаўры, на Пячэрскіх пагорках размяшчаўся яе мужчынскі манастыр. Апошняя дамова адносна гэтага была заключаная падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча 19 ліпеня 2013 года.

Аднак у пачатку сакавіка Міністэрства культуры Украіны паведаміла, што дамова на безаплатнае карыстанне УПЦ Кіева-Пячэрскай лаўрай анулюецца з 29 сакавіка 2023 года і гэта тычыцца ўсіх памяшканняў, якія УПЦ у лаўры арандуе.

З той прычыны, што Кіева-Пячэрская лаўра — уласнасць украінскай дзяржавы, то высяленне адтуль УПЦ робіцца на падставе высноў міжведамаснай працоўнай групы, якая падчас сваёй працы выявіла парушэнне манастыром умоў дамовы па выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці.

УПЦ МП, у сваю чаргу, заяўляе, што юрыдычных падстаў для такіх крокаў няма і высяленне мужчынскага манастыра з Кіева-Пячэрскай лаўры — проста «капрыз чыноўнікаў з Мінкульта». Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліт Павел з пачатку красавіка знаходзіцца пад хатнім арыштам, супраць яго заведзеныя крымінальныя справы па падазрэннях у распальванні міжрэлігійнай варожасці, апраўданні і адмаўленні ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Мітрапаліт Веніямін заклікаў беларускіх святароў маліцца за Кіева-Пячэрскую лаўру малітвай, папулярнай у акультыстаў

СБУ афіцыйна выставіла абвінавачванні мітрапаліту Паўлу. Справа была заведзеная на падставе праслухоўвання тэлефона

Тэолаг патлумачыла, чаму рэлігія стала для Лукашэнкі важнейшай за спорт

Nashaniva.com