«Тэхнічны збой, скрыны прайшлі апрацоўку ў графічных рэдактарах». БДУ адмаўляе, што іх сістэмы ўзламалі «Кіберпартызаны»
Прэс-служба БДУ адрэагавала на паведамленне групы «Кіберпартызаны» пра ўзлом іх інфармацыйных сістэм і ўцечку даных. Маўляў, гэта ўсё «тэхнічны збой функцыянавання сістэмы апрацоўкі звестак».
04.07.2023 / 17:56
Паводле прэс-службы навучальнай установы:
«Інфармацыя пра DDoS-атаку на БДУ, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, недакладная. Ва ўніверсітэце адбыўся тэхнічны збой функцыянавання сістэмы апрацоўкі даных. Скрын і фота, якія распаўсюджваюцца, недакладныя, сфальсіфікаваныя, яны прайшлі апрацоўку ў графічных рэдактарах».
IT-спецыялісты ўніверсітэта цяпер нібыта актыўна працуюць над ліквідацыяй «тэхнічнага збою».
Варта адзначыць, што «Кіберпартызаны» ў сваім паведамленні казалі не пра DDoS-атаку на БДУ, пры якой доступ да матэрыялаў толькі ўскладняецца, а пра паўнавартасны ўзлом. DDoS-атака — гэта спосаб заблакаваць працу сайта шляхам падачы вялікай колькасці запытаў, якія перавышаюць прапускную здольнасць сеткі.
Чытайце таксама:
«Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сайта спартыўнай газеты «Прэсбол»
«Кіберпартызаны» ўзламалі сайт хакейнага мінскага «Дынама» і апублікавалі там некралогі па Лукашэнку
«Кіберпартызаны» прымусілі баранавіцкі афіцыёз павіншаваць беларусаў з Днём Волі