У Мінску задумаліся над авіярэйсам, які злучыць Беларусь і Кубу

Нацыянальны аэрапорт прапрацоўвае пытанне, каб Беларусь і Кубу аб'ядналі авіязносіны. Пра гэта ў эфіры «Беларусь 1» распавёў генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Вячаслаў Харанека, піша «Люстэрка».

02.07.2023 / 07:33

Гавана. Фота: Alagna Marco / Getty Images

Са слоў Вячаслава Харанекі, супрацоўнікі Нацыянальнага аэрапорта зрабілі вялікую працу з венесуэльскай авіякампаніяй Conviasa. Як вынік, павінен з'явіцца рэйс, які злучыць Беларусь і Кубу.

— [Рэйс будзе] з пасадкай на Кубе, [затым] пералёт, хутчэй за ўсё, праз Тэгеран пойдзе на Мінск, — адзначыў генеральны дырэктар аэрапорта. — Гэта яшчэ прапрацоўваецца. Жаданне ёсць. Думаю, патэнцыял нашых турыстаў з Рэспублікі Беларусь будзе. Расія таксама недалёка. Мяркую, калі будзе цікавасць, падцягнуцца і турысты з Расійскай Федэрацыі.

Вячаслаў Харанека адзначыў, што кожны год з'яўляюцца новыя кампаніі, з якімі супрацоўнічае Нацыянальны аэрапорт, адкрываюцца новыя маршруты.

— Сёлета мы лётаем у Ніжні Ноўгарад, Перм, Калугу. Сёння мы ў асноўным працуем з расійскімі кампаніямі, — сказаў Вячаслаў Харанека. — Таксама ў нас ёсць на прыкмеце кампаніі, з якімі мы вядзём перапіску. З некаторымі ўжо заключылі дамовы на ўзлёт-пасадку. Гэта кампаніі Mahan Air (найбуйнейшы прыватны авіяперавозчык Ірана). Працуем з кампаніямі Тайланда, В'етнама.

Пасля прымусовай пасадкі 23 мая 2021 года рэйса RyanAir Афіны — Вільня і затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі Еўрасаюз забараніў беларускім авіякампаніям ажыццяўляць рэйсы ў аэрапорты ЕС і здзяйсняць палёты над тэрыторыяй краін саюза. Акрамя таго, еўрапейскія перавозчыкі сталі аблятаць паветраную прастору Беларусі. Кампанія «Белавія» была вымушаная вярнуць некаторыя свае самалёты лізінгавым кампаніям і скараціць флот да 15 самалётаў.

Чытайце таксама:

«Белавія» запускае рэйсы ў Індыю. Без перасадак

Упершыню Беларусь запусціла авіярэйс за Палярнае кола

Над Беларуссю праляцеў еўрапейскі самалёт, хоць гэта забаронена санкцыямі

Nashaniva.com