Міністр замежных спраў Украіны заклікаў Нямеччыну не паўтараць памылку Меркель
Калі б Украіна ўжо была чальцом NATO ў 2014 годзе, анексіі Крыма, вайны на Данбасе і ўварвання на тэрыторыю ўсёй краіны не адбылося б.
02.07.2023 / 07:18
Ангела Меркель. Фота: Andrea Savorani Neri / NurPhoto via Getty Images
Міністр замежных спраў Дмытро Кулеба заклікаў нямецкі ўрад не паўтараць памылку былой канцлеркі Ангелы Меркель, перашкаджаючы ўступленню Украіны ў NATO. Пра гэта Кулеба заявіў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild, як піша «Украінская праўда».
«Не паўтарайце памылку канцлеркі Меркель, якую яна зрабіла ў Бухарэсце ў 2008 годзе, калі была супраць любога прагрэсу на шляху да членства Украіны ў NATO», — сказаў Кулеба.
На яго думку, тагачасная пастанова Альянсу «адкрыла дзверы для ўварвання Пуціна ў Грузію і ў выніку незаконнай анексіі Крыма». Калі б Украіна ўжо была чальцом NATO ў 2014 годзе, то анексіі Крыма, вайны на Данбасе і ўварвання на тэрыторыю ўсёй краіны не адбылося б.
Аднак, са слоў Кулебы, Кіеў не чакае прыёму ў NATO падчас вайны.
«Але пасля вайны для Еўропы было б самагубствам не прыняць Украіну ў NATO», — сказаў ён.
«Адзіны спосаб закрыць дзверы расійскай агрэсіі супраць Еўропы і Еўрапейска-атлантычнай прасторы — гэта прыняць Украіну ў NATO», — падкрэсліў міністр.
Ён растлумачыў, што Расія не наважыцца зноў напасці на Украіну, якая будзе чальцом NATO. І тады Украіна вызваліць Нямеччыну і іншыя заходнія краіны NATO ад цяжару абароны свайго ўсходняга фланга.
«Мы возьмем гэты цяжар на свае плечы», — сказаў Кулеба.
***
На Бухарэсцкім саміце NATO 2008 года Германія і Францыя заблакавалі атрыманне Украінай, а таксама Грузіяй Плана дзеянняў па членстве ў NATO, баючыся эскалацыі з боку Расіі.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну Меркель адмовілася прызнаць, што тая яе пастанова магла прывесці да расійскай агрэсіі.
У маі 2023 года генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што незалежна ад пастановы саміту Альянсу ў 2008 годзе, дзе Украіна не атрымала План дзеянняў членства, напад Расіі на Украіну — гэта нічым не апраўданае парушэнне міжнароднага права.
Чытайце таксама:
Орбан: Прыйдзе час, калі слабыя народы загінуць, а моцныя выжывуць
Абама не лічыць, што ў 2014 годзе свет недастаткова строга адрэагаваў на анексію Крыма