На польска-беларускай мяжы чарга як у 1990-я

З польскага боку да памежнага пераходу «Цярэспаль» сабралася незвычайна вялікая чарга. І гэта тычыцца як легкавых аўтамабіляў, так і фур, якія стаяць на памежным пераходзе Карошчын — Казловічы, як піша «Ганцавіцкі час».

01.07.2023 / 21:18

Дарога да Цярэспаля станам на 1 ліпеня 17.00

Чарга легкавых аўто пачынаецца на чыгуначным мосце ля Цярэспаля. Гэта больш за 3 км да памежнага перахода. Чаргу складаюць больш за 400 аўтамабіляў і аўтобусаў. Людзі, якія даўно ездзяць праз гэтую мяжу, кажуць, што такія чэргі апошні раз былі ў 1990-я.

Цяпер Цярэспаль — адзіны дзейны памежны пераход на мяжы Беларусі з Польшчай. Кіроўцы з чаргі расказалі «Ганцавіцкаму часу», што вельмі многія аўтамабілі на мяжы адпраўляюць на рэнтген.

Так чарга на мяжы выглядае на карце

Такая ж сітуацыя і з фурамі. Яны стаяць у чарзе на памежным пераходзе Карошчын — Казловічы. Хвост чаргі пачынаецца ад населенага пункта Мендзыжац-Падляскі (Międzyrzec Podlaski). То-бок колца фур расцягнулася больш чым на 60 км, але трэба ўлічваць, што фурам забаронена стаяць у чарзе ў населеных пунктах, таму сапраўдную даўжыню чаргі можна лічыць у 40-50 км.

Уздоўж чаргі на многіх скрыжаваннях дзяжурыць польская паліцыя, якая кантралюе рух і бяспеку.

«Ганцавіцкі час» пацікавіўся ў беларуса Аляксея, які працуе лагістам у польскай кампаніі, пра тое, чаму збіраюцца чэргі на мяжы такой даўжыні.

«Сітуацыя звязаная з тым, што, па-першае, усе хочуць пазбаўляцца ад прычэпаў і пазабіраць свае прычэпы, таму большасць машын пайшла. Плюс да ўсяго іншага былі рамонты: польскі тэрмінал на рамонце цяпер, адпаведна хуткасць афармлення ўпала.

А пазаўчора на беларускім тэрмінале наогул святла не было некалькі гадзін, адпаведна яны не афармлялі ўвогуле. Так што асаблівых прычын няма, можа, да пачатку наступнага тыдня разыдзецца».

Аляксандр стаў у чаргу на памежны пераход Цярэспаль а 5-й раніцы 1 ліпеня 2023 года. Да 18-й гадзіны ён знаходзіўся ў польскім тэрмінале пасля мытнага і памежнага кантролю. Людзі, якія часта перасякаюць мяжу, называюць гэта месца «лейка». З шасці каналаў аўтамабілі выязджаюць у агульную чаргу.

Чакаць у чарзе на мяжы даводзіцца вельмі доўга

Аляксандр выказаў здагадку, чаму магла ўтварыцца такая чарга.

«Сезон адпачынкаў, едуць так званыя «рускія немцы», чачэнцы. Плюс вельмі шмат у чарзе аўтамабіляў на транзітных нумарах. Яны едуць на чырвоны канал. А тыя, што едуць на зялёны, не могуць іх аб'ехаць і стаяць у агульнай чарзе», — расказаў Аляксандр.

Берасцеец Дзмітрый кажа, што чырвоны канал у беларускім тэрмінале забіты, а зялёны пустуе. Дзмітрый дае прагноз, што «тыя, хто пад'язджае ў чаргу, у найлепшым выпадку пераедуць не раней за заўтрашні вечар».

Людзі расказваюць, што тэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржпагранкамітэта і там патлумачылі, што няма тэхнічнай магчымасці паскорыць рух.

Дзеці знайшлі сабе забаву, каб не сумаваць у чарзе на мяжы

У памежных чатах тым часам некаторыя пішуць прапановы аб куплі месца ў чарзе ў бок Беларусі.

Чытайце таксама:

Аднавілі магчымасць пазачарговага ўезду транспарту ў памежны пункт «Казловічы»

Латвія збіраецца ўвесці электронную чаргу на мяжы з Беларуссю

Беларусы змогуць выкарыстоўваць «Зялёную карту» і пасля 30 чэрвеня. Але толькі для паездак у Расію

Nashaniva.com