На Піншчыне адкрылі помнік Васілю Каржу

У вёсцы Ставок Пінскага раёна ўрачыста адкрылі помнік «партызанскаму генералу» Васілю Каржу. Адкрыццё прымеркавалі да 82-й гадавіны першага, як лічыцца, партызанскага бою пасля пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе, як паведамляе «Звязда».

30.06.2023 / 22:09

Фота Пінскага райвыканкама

Якраз побач з вёскай Ставок на дарозе Пінск — Лагішын партызаны, як лічыцца, тады зладзілі засаду на нямецкія лёгкія танкі, здабылі боепрыпасы, карты праціўніка і ўзялі палонных. Гэты бой традыцыйна лічыцца першым у гісторыі савецкага партызанскага руху падчас Другой сусветнай вайны.

У гонар камандзіра партызанскай брыгады Васіля Каржа названыя вуліцы ў многіх паселішчах краіны, ёсць помнік і на яго малой радзіме — у вёсцы Хорастава Салігорскага раёна, паставілі бюст і ў Салігорску. А вось на месцы, дзе тыя партызаны дзейнічалі, помнікаў паставіць не сабраліся ні ў савецкі час, ні за амаль 30 гадоў кіравання Лукашэнкі. Рукі ў ідэолагаў дайшлі да гэтага толькі цяпер.

Увасобілі вобраз Каржа брэсцкія скульптары Павел і Алеся Герасіменкі, узяўшы за аснову фотаздымак, зроблены падчас партызанскага парада ў ліпені 1944 года. Сродкі на помнік, як паведамляецца, збіралі на амаль чатырох дзясятках прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Наколькі добраахвотна, можна толькі здагадвацца.

Сярод прысутных на адкрыцці «прадстаўнікоў органаў улады і грамадскасці, музейных работнікаў, жыхароў вёскі, ветэранаў і моладзі» была і ўнучка партызанскага камандзіра Вольга Корж.

Чытайце таксама:

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Праз сто гадоў на расійскім аўкцыёне ўсплыла рэліквія з мінскага кафедральнага сабора

Безгустоўны знак на гары Дзяржынскай пастаўлены незаконна. Вінаватых прыцягнуць да адказнасці

Nashaniva.com