Магілёўскага барда Аляксандра Баля затрымалі і асудзілі па даносе памежніка
Стала вядома, што адміністрацыйная справа супраць магілёўскага барда Аляксандра Баля пачалася з таго, што ў аператыўна-дзяжурную службу Гарадоцкага РАУС паступіла паведамленне супрацоўніка памежнага паста ў гарадскім пасёлку Езярышча, які пры аглядзе тэлефона Баля знайшоў у ім падпіскі на каналы, уключаныя ў спіс экстрэмісцкіх. Пра гэта піша «Віцебская вясна».
30.06.2023 / 16:54
Аляксандр Баль
Міліцыянты склалі пратакол на «правапарушальніка» за тое, што Аляксандр на сваім тэлефоне ў тэлеграме захоўваў інфармацыйную прадукцыю канала «Павел Латушка», раней па рашэнні суда прызнанага «экстрэмісцкім».
Суддзя суда Гарадоцкага раёна Алена Віхаценка пагадзілася з пазіцыяй работнікаў міліцыі і прыйшла да высновы, што мужчына ўчыніў правапарушэнне, г. зн. захоўваў і распаўсюджваў інфармацыю, якая ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На гэтай падставе суддзя пакарала арыштам «правапарушальніка» ў рамках ч. 2 арт. 19. 11 КаАП, а таксама канфіскавала ў даход дзяржавы ягоны тэлефон.
Суддзя суда Гарадоцкага раёна Алена Віхаценка пакарала Аляксандра Баля арыштам тэрмінам на 15 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках.
Чытайце таксама
Відэааператару Паўлу Падабеду далі чатыры гады калоніі