«ПВК «Вагнер» больш не існуе». Падаляк пракаментаваў размяшчэнне вагнераўцаў у Беларусі
Па інфармацыі дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны, «Вагнер» будзе падзелены на чатыры часткі і большасць наймітаў будзе цалкам адхілена ад удзелу ў вайне.
29.06.2023 / 12:08
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Фота: УНІАН
ПВК «Вагнер» спыніць сваё існаванне ў ранейшым выглядзе і будзе раздробнена расійскімі ўладамі на некалькі частак. Такім меркаваннем 29 чэрвеня падзяліўся дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк падчас інтэрв'ю на канале «1+1».
Паводле яго слоў, толькі невялікая колькасць вагнераўцаў будзе перакінута ў Беларусь, і яна ніяк не будзе пагражаць Украіне з паўночнага кірунку, бо будзе займацца выключна навучаннем беларускіх сілавікоў і вайскоўцаў.
Сам «Вагнер» пры гэтым збольшага адыдзе пад прамы кантроль расійскіх уладаў.
«Наяўнасць Прыгожына ў Беларусі не мае ніякага сэнсу, бо ПВК «Вагнер» больш не існуе. Яго кампанія будзе падзелена на чатыры часткі: першая і другая ў асобе пэўнага працэнта радавых вагнераўцаў і вызваленых зэкаў пяройдзе пад кантроль Мінабароны Расіі, трэцяя частка падпіша кантракты з Расгвардыяй, а чацвёртая адправіцца ў Беларусь для навучання мясцовых спецназаўцаў і вядзення спраў у Афрыцы», — заявіў Міхаіл Падаляк.
Нагадаем, што пасля заканчэння мяцяжу ў Расіі Пуцін прапанаваў ПВК «Вагнер» разам з яго кіраўніком Яўгенам Прыгожыным пераехаць у Беларусь. Вядома, што пад Асіповічамі ставяць вайсковы лагер, але для каго — інфармацыі няма.
Чытайце таксама:
У Белым доме пракаментавалі, ці быў мяцеж «Вагнера» толькі прыкрыццём для яго пераезду ў Беларусь