У Белым доме пракаментавалі, ці быў мяцеж «Вагнера» толькі прыкрыццём для яго пераезду ў Беларусь
Таксама ў адміністрацыі Байдэна пракаментавалі словы Лукашэнкі аб прыбыцці ў краіну «значнай колькасці» расійскай ядзернай зброі.
28.06.2023 / 08:42
Фота: Allan Baxter / Getty Images
Прэс-сакратарка Белага дома Алівія Далтан пракаментавала журналістам тэорыі і чуткі, якія з'явіліся на фоне мінулага мяцяжу ПВК «Вагнер» і яе пераезду ў Беларусь. Адказы прэс-сакратаркі прагучалі 27 чэрвеня падчас прамой трансляцыі брыфінгу ў Белым доме на YouTube.
На брыфінгу адзін з журналістаў задаў пытанні, ці пераезд вагнераўцаў у Беларусь — сапраўдная мэта мяцяжу ў Расіі і ці праўдзівыя, на думку адміністрацыі Байдэна, заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт атрымання ім «ужо большай часткі» расійскай ядзернай зброі.
На гэта Алівія Далтан адказала так:
«Наконт сапраўдных мэт мяцяжу «Вагнера» давайце не ўпадаць у спекуляцыі. Мы працягваем сачыць за абстаноўкай і кантактаваць з нашымі саюзнікамі побач з Беларуссю. Што тычыцца праўдзівасці заявы Лукашэнкі аб ядзернай зброі, то мы не можам гэта пацвердзіць».
Нагадаем, што адразу ж пасля заканчэння мяцяжу ў Расіі з'явілася інфармацыя аб пераездзе ПВК «Вагнер» і яе кіраўніка Яўгена Прыгожына ў Беларусь. Гэтую інфармацыю падчас размовы з прапагандыстамі пацвердзіў сам Лукашэнка.
Таксама ён заявіў, што большая частка расійскіх тактычных ядзерных зарадаў ужо знаходзіцца ў Беларусі.
Чытайце таксама: