У Германіі выйшла кніга пра беларускага ката з ірландскім іменем

Аўтарка — 52-гадовая Брыта Шмідэр — прывезла гадаванца 5 гадоў таму з мінскага прытулку.

27.06.2023 / 08:08

О'Мэлі. Фота з фэйсбука

Жыхарка камуны Графрат у нямецкай зямлі Баварыя напісала кнігу пра беларускага ката з ірландскім імем. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на выданне merkur.de.

Кніга пад назвай «Добра, што я тут: дзённік ката О'Мэлі» выйшла 15 студзеня 2023 года. Томік у мяккай вокладцы аб'ёмам 105 старонак прадаецца за 15 еўра.

Аўтарка — 52-гадовая Брыта Шмідэр — прывезла гадаванца 5 гадоў таму з мінскага прытулку. Па яе словах, збіралася ўзяць іншага, таксама шэра-белай афарбоўкі, але, калі прыехала, яго ўжо не было.

Кніга Брыты

Жанчыне прапанавалі іншага — таксама шэра-белага, паколькі так было пазначана ў дакументах. Яна пагадзілася. Так і атрымала ў доме новага жыхара — О'Мэлі.

Сама кніга пачалася з фотаздымкаў. Брыта рабіла здымкі ката ў розных цікавых сітуацыях, а затым прыдумляла да іх пацешныя гісторыі ад яго імя.

Спачатку яна выкладвала гэтыя міні-апавяданні ў блогу на сваім інтэрнэт-сайце. Чытачы іх ацанілі, і ў нейкі момант узнікла ідэя аформіць гісторыі пра прыгоды О'Мэлі ў кнігу.

Чытайце таксама:

У Вялікабрытаніі кот збег ад гаспадароў у іншы горад, праехаўшы 225 кіламетраў на некалькіх машынах незнаёмцаў

У аэрапорце Сан-Францыска ўзялі на працу ката

Зніклы кот уз'яднаўся з гаспадарамі праз 11 гадоў

Nashaniva.com