Баяліся разгайдаць лодку. Падчас бунту Прыгожына саюзнікі прасілі Украіну не біць па Расіі
Асцярогі заключаліся ў тым, што Украіну і Захад будуць разглядаць як тых, хто дапамагае Прыгожыну і пагражаюць суверэнітэту Расіі.
27.06.2023 / 07:17
Фота: сацыяльныя сеткі
Саюзнікі на розных узроўнях звязваліся з афіцыйнымі асобамі Украіны і раілі не выкарыстоўваць хаос у Расіі, выкліканы мяцяжом Прыгожына, для нанясення ўдараў па РФ. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на CNN.
Па словах неназванага заходняга чыноўніка, пасланне «не разгойдваць лодку» было перададзена на ўзроўні міністраў замежных спраў, намеснікаў і праз паслоў. Асцярогі заключаліся ў тым, што Украіну і Захад будуць разглядаць як тых, хто дапамагае Прыгожыну і пагражаюць суверэнітэту Расіі.
«Саюзнікі папярэджвалі ўкраінцаў не правакаваць сітуацыю: выкарыстоўвайце магчымасці на тэрыторыі Украіны, але не ўцягвайцеся ва ўнутраныя справы і не наносьце ўдары па вайсковых аб'ектах унутры Расіі», — сказаў чыноўнік.
***
23 чэрвеня Прыгожын абвясціў, што ідзе «на Маскву», бо не хоча, каб Расія жыла «ў карупцыі і хлусні». Ён заклікаў не супраціўляцца наймітам, інакш яны будуць знішчаць усіх, хто ім будзе замінаць.
Ужо раніцай «вагнераўцы» ўзялі пад кантроль частку вайсковых аб'ектаў Растова-на-Доне і высунуліся ў бок Масквы, прайшоўшы Варонежскую, Ліпецкую і Тульскую вобласці.
У Расіі распачалі супраць яго крымінальную справу, Пуцін назваў мяцеж здрадай, а ў Маскве і вобласці ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.
Аднак ужо ўвечары Прыгожын абвясціў, што разварочвае калоны і ідзе назад. У Крамлі заявілі, што справу супраць яго закрыюць, сам верхавод ПВК «пойдзе ў Беларусь». Таксама яны паабяцалі не пераследаваць яго наймітаў. Гэта стала нібыта следствам перамоваў Прыгожына з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама стала вядома, што калоны ПВК «Вагнер» могуць пайсці ў Беларусь.
Чытайце таксама:
Экс-кіраўнік ЦРУ параіў Прыгожыну не падыходзіць да незавешаных вокнаў у Беларусі
«Фенаменальны выбар Прыгожына…» Падаляк — пра мяцеж кіраўніка ПВК «Вагнер» і карысць ад яго