Ці можа мяцеж скончыцца поспехам?
«Мятеж не может кончиться удачей, в противном случае его зовут иначе». Гэта выказванне англійскага паэта XVII стагоддзя Джона Харынгтана ў вольным перакладзе Самуіла Маршака добра вядома на постсавецкай прасторы і несумненна, што з учарашняга дня многім прыходзіць да галавы. Несумненна, што калі паход Прыгожына на Маскву скончыцца для яго пазітыўна, з тэрміналогіяй будуць пытанні. Але ці ўвогуле калі такія паходы канчаліся чымсьці іншым, апрача паразы?
24.06.2023 / 15:32
Калоны італьянскіх фашыстаў маршыруюць у бок Рыма. Фота: Wikimedia Commons
У сусветнай гісторыі адбывалася і адбываецца столькі ўсяго, што ў ёй можна знайсці пры жаданні што заўгодна. У тым ліку і прыклады паспяховых паходаў войскаў, што ўзбунтаваліся, ці парамілітарных фармаванняў на сталіцу краіны са скіданнем папярэдняга ўрада і канцэнтрацыяй улады ў сваіх руках.
Такія маршы ў прынцыпе могуць завяршацца поспехам, калі ў краіне для гэтага складваюцца адпаведныя ўмовы. Умовы ж гэтыя — відавочная папулярнасць той сілы, якая арганізуе марш, сярод насельніцтва, а самае галоўнае — спачуванне мяцежнікам з боку, прынамсі, значнай часткі армейскіх эліт.
Армія ў такіх варунках у прынцыпе мае патэнцыял разбіць мяцежнікаў, але рабіць гэтага не хоча. А ўрад не мае палітычнай волі на тое, каб аддаць цвёрды загад на жорсткае падаўленне, у тым ліку таму, што ў гэтым урадзе таксама няма адзінства.
Якія ж канкрэтныя прыклады можна прывесці з гісторыі? Самы вядомы ў сусветным маштабе — гэта паход на Рым італьянскіх фашыстаў у канцы кастрычніка 1922 года.
Некалькі дзясяткаў тысяч падкантрольных Нацыянальнай фашысцкай партыі баевікоў тады практычна бесперашкодна прайшлі з поўначы Італіі да размешчанай у цэнтральнай частцы сталіцы краіны Рыма. Армія магла б іх пры жаданні спыніць, але ўхілілася ад гэтага. У выніку кароль Італіі прыняў ультыматум фашысцкага лідара Беніта Мусаліні і прызначыў яго прэм'ер-міністрам. Як аказалася, надоўга, аж на больш чым 20 гадоў.
Другі прыклад, які бліжэй храналагічна, адбыўся на постсавецкай прасторы ў 1993 годзе.
Тады армія Азербайджана зрабіла спробу наступлення супраць армянскіх войскаў у Нагорным Карабаху і пацярпела буйную паразу. Адзін з азербайджанскіх камандзіраў палкоўнік Сурэт Гусейнаў пасля таго адмовіўся падпарадкоўвацца цэнтральным уладам, а спробы адхіліць палкоўніка ад пасады і раззброіць корпус пад ягоным камандаваннем поспеху не мелі.
У выніку войскі Гусейнава распачалі паход з горада Гянджа на сталіцу Баку і дабіліся падчас яго поспеху. Тагачасны дэмакратычны прэзідэнт Азербайджана, лідар Народнага фронту Абульфаз Эльчыбей не наважыўся аддаць загад арміі ваяваць супраць падраздзяленняў Гусейнава, каб пазбегнуць грамадзянскай вайны. Замест гэтага ён пайшоў у адстаўку сам, фактычна перадаўшы ўладу былому камуністычнаму кіраўніку Азербайджана Гейдару Аліеву. Апошні свой шанец выкарыстаў цалкам, бо ўсталяваў неўзабаве ў краіне рэжым асабістай улады, трымаў яе практычна да самай смерці, а паміраючы, перадаў сыну Ільхаму. Ільхам Аліеў жалезнай рукой кіруе Азербайджанам дагэтуль.
Суцяшальным прызам для самога Гусейнава ў той сітуацыі стала пасада прэм'ер-міністра Азербайджана, якую яму аддалі пасля перамоў з Аліевым. Але пабыў на вяршыні ўлады бравы палкоўнік толькі год — восенню 1994 года ён быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага мяцяжу і вымушаны быў уцячы ў Расію, адкуль быў экстрадаваны і асуджаны ў Азербайджане да пажыццёвага зняволення. Праўда, 17 сакавіка 2004 года Гусейнаў быў памілаваны ўказам Ільхама Аліева, які незадоўга перад тым заступіў на пасаду прэзідэнта, і вызвалены. Пасля таго цяпер 64-гадовы Гусейнаў актыўнага ўдзелу ў палітычных працэсах не браў.
Паралеляў у тагачаснай азербайджанскай сітуацыі з цяперашняй расійскай куды больш, чым з італьянскай пачатку 1920-х гадоў. Калі ў Італіі падзеі адбываліся ў мірны час, калі краіна ні з кім не ваявала, то азербайджанцы падчас мяцяжу Гусейнава ваявалі з армянамі за Нагорны Карабах, і ход баявых дзеянняў, як і для Расіі ў 2023 годзе, складваўся для іх неспрыяльна. Праўда, у адрозненне ад Расіі, азербайджанцы ваявалі ў сваіх міжнародна прызнаных межах, але гэта ў тым кантэксце, які мы тут разглядаем, хоць і немалаважны, але толькі нюанс.
Галоўнае ж — што мяцеж Гусейнава і наступныя падзеі ва ўмовах, калі краіна ваявала, мелі для Азербайджана сур'ёзныя палітычныя наступствы, якія давялося пасля расхлёбваць дзесяцігоддзямі.
Палітычны крызіс, які ўзнік, канчаткова дэмаралізаваў армію, пакінуў яе фактычна без камандавання, што дало магчымасць армянам перайсці ў контрнаступленне і заняць не толькі практычна ўвесь Нагорны Карабах, але і некалькі этнічна азербайджанскіх раёнаў на поўдні краіны. Менавіта пасля таго Баку страціў больш чым на чвэрць стагоддзя кантроль над пятай часткай міжнародна прызнанай тэрыторыі Азербайджана.
І толькі ў апошнія гады стаў, здаецца, блізкі да таго, каб іх цалкам вярнуць. Да таго ж тая сітуацыя абудзіла тады талышскі сепаратызм на поўдні Азербайджана і лезгінскі на поўначы, і каб іх утаймаваць, таксама спатрэбіліся пэўныя намаганні.
Несумненна, што сённяшняя расійская армія пад камандаваннем міністра абароны Сяргея Шайгу пры ўсіх праблемах, з якімі яна сутыкаецца, у любым выпадку мацнейшая за вагнераўцаў. Тых нават па ацэнцы самога Прыгожына, — а яму па статусе паложана не заніжаць, а завышаць, — усяго 25 000 чалавек. Да таго ж яны яўна прайграюць урадавым войскам у такім важным элеменце сучаснай вайны, як авіяцыя.
Таму калі загады на жорсткае сілавое падаўленне будуць аддадзеныя і яны будуць рашуча і строга выконвацца, то шанцы ў «прыгожынцаў» наўрад ці ёсць. Але мы бачым толькі вяршыню піраміды, з якой складаюцца расійскія ўлада і грамадства. А пра тое, што там усярэдзіне, меркаваць не заўсёды можам. Таму, канечне, магчымыя і нечаканасці.
Чытайце таксама:
Падпал Рэйхстага: як Гітлер скарыстаў пажар у нямецкім парламенце
Мусаліні і Лукашэнка: падабенстваў больш, чым можна было б падумаць
Вядомы літоўскі гісторык прапанаваў называць Расію па-літоўску інакш