Кіраўнік «Гарызонта» кажа, што беларускі ноўтбук ужо прадаецца ў 18 краінах свету. Але адшукаць яго атрымалася толькі ў Расіі

Гендырэктар холдынгу Юры Прадко паведаміў, што беларускі ноўтбук пастаўляюць ужо ў 18 краін свету. «Свабода» знайшла ноўтбукі беларускай вытворчасці ў анлайн-продажы толькі ў Расіі. У Казахстане і Арменіі, якія згадваў кіраўнік «Гарызонта», іх няма. Таксама, паводле яго словаў, на ноўтбуках стаіць «уласнае праграмнае забеспячэнне». Аднак і гэта няпраўда: яно там амерыканскае.

22.06.2023 / 13:39

Гендырэктар холдынга «Гарызонт» Юры Прадко паведаміў, што беларускі ноўтбук пастаўляюць ужо ў 18 краін свету, уключна з Расіяй і Казахстанам.

«Асноўныя краіны — Расія, Казахстан, Арменія. Мы выкарыстоўваем уласнае праграмнае забеспячэнне. А гэта і ёсць гарантыя бяспекі кіравання камп'ютарам дыстанцыйна. З гэтага пункту гледжання мы даволі сур’ёзна прасунуліся», — сказаў гендырэктар «Гарызонта».

Пакуль у Беларусі прадаюцца 5 мадэляў айчыннага ноўтбука. Самы танны каштуе 1119 рублёў 86 капеек і мае наступныя характарыстыкі:

Сярэдні варыянт каштуе 1927,5 рубля:

Самы дарагі каштуе 2399 рублёў і мае такую начынку:

Нягледзячы на словы гендырэктара «Гарызонта» пра «ўласнае праграмнае забеспячэнне», на ўсіх ноўтбуках прапісана, што там усталяваная Windows 11 амерыканскай карпарацыі Mіcrosoft.

У якіх краінах можна набыць?

Ноўтбукі беларускай вытворчасці ў анлайн-продажы журналісты знайшлі толькі ў Расіі. Напрыклад, у анлайн-гіпермаркеце Eldorado самая дарагая мадэль каштуе 66 999 рублёў. Гэта 2372 беларускія рублі па курсе на 21 чэрвеня. То-бок у Беларусі такі ноўтбук каштуе нават даражэй на 27 беларускіх рублёў.

Кансультант гіпермаркета пры гэтым адзначае, што «за такую цану іншыя падобныя ноўтбукі скончыліся 5-6 месяцаў таму».

Другая мадэль ад Horizont, якую атрымалася знайсці ў Расіі, каштуе танней — 53 999 расійскіх рублёў (1912 беларускіх). Гэта сярэдні варыянт, які ў Беларусі прадаецца танней — за 1874 рублі.

Раней новыя беларускія ноўтбукі параўноўвалі з лінейкай Itel Spirit, бо яны вельмі падобныя як вонкава, так і па тэхнічных характарыстыках. Ноўтбук Itel Spirit 2 i5/16+512GB з такімі ж, як і ў «гарызонтаўскага», параметрамі каштуе ў расійскім гіпермаркеце танней за свой беларускі аналаг — 42 999 расійскіх рублёў (1528 беларускіх).

Да беларускага ноўтбука за 1912 рублёў таксама падобная мадэль Lenovo IdeaPad 3 15ITL6. Каштуе яна 42 999 расійскіх рублёў (1528 беларускіх). Гэта на 20% танней, чым беларускі аналаг.

Журналісты паспрабавалі знайсці беларускі ноўтбук ад Horizont у анлайн-гіпермаркетах і крамах іншых краін, аднак беспаспяхова. Згадкі пра яго няма нават у названых гендырэктарам Horizont Арменіі і Казахстане.

Чытайце таксама:

Што за суперкамп'ютар паказаў Лукашэнка на сустрэчы са школьнікамі?

«Гарызонт» агучыў цану на самы магутны «беларускі ноўтбук»

«Гарызонт» паказаў празрысты тэлевізар «паслязаўтрашняга дня»

Nashaniva.com