ПАРЕ падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнанні
На сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы прайшло галасаванне па рэзалюцыі члена Палаты дэпутатаў Люксембурга Поля Галеса. Пераважнай большасцю галасоў рэзалюцыя была ўхваленая.
20.06.2023 / 20:49
Беларуская дэлегацыя ў зале ПАРЕ. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Дакумент Галеса сярод іншага заклікаў сяброў Рады Еўропы ліквідаваць адміністрацыйныя і юрыдычныя перашкоды для беларусаў у выгнанні, забяспечыць людзям адпаведны ўзровень абароны, дазваляючы інтэгравацца і захаваць пры гэтым нацыянальную ідэнтычнасць.
У рэзалюцыі таксама прапануецца выдаваць гуманітарныя візы ва ўсіх пасольствах / консульствах, якія працягваюць працаваць у Мінску, і абмеркаваць магчымасць выдачы пашпартоў для беларусаў у выгнанні, якія будуць прызнаныя сярод дзяржаў-членаў.
«За» прагаласавалі 87 чалавек, 3 устрымаліся, «супраць» не выступіў ніхто.
Збіраць інфармацыю аб праблемах беларусаў, якія маюць міграцыйны досвед, люксембургскаму дэпутату дапамагаў Офіс Святланы Ціханоўскай.
Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр па выніках прыняцця дакумента адзначыла: «Увесь гэты працэс важны, таму што ён вельмі выразна вылучае беларусаў як спецыфічную групу, для якой трэба ствараць умовы: выдачу гуманітарных віз і стварэнне гуманітарных калідораў, паляпшэнне ўмоў доступу да рынку працы і адукацыі, стварэнне спецыяльных працэдур легалізацыі».
На пленарным пасяджэнні ПАРЕ перад дэбатамі па Беларусі выступіў «Вольны хор». Пасля выступу Ціханоўскай ён выканаў дзве песні — «Пагоню» і «Жыве Беларусь!» на вершы Някляева. Удзельнікі «Вольнага хору» мелі на сабе бел-чырвона-белыя маскі і трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. У канцы яны праскандавалі «Жыве Беларусь!».
Чытайце таксама:
«Абавязак міжнароднай супольнасці — цалкам ізаляваць рэжым у Беларусі» — Гітанас Наўседа
Прэзідэнт Польшчы заявіў, што яго краіна будзе змагацца за вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў
У Еўропе падрыхтавалі рэкамендацыі па спрашчэнні легалізацыі беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій