«Гэта зброя прымусіць паважаць нашы інтарэсы». Старшыня гомельскага Чырвонага Крыжа падтрымала размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Смаляк падтрымала размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Пра гэта яна заявіла днямі ў эфіры гомельскага тэлебачання.
20.06.2023 / 16:39
Ганна Смаляк
Жанчына расказала, што абмяркоўвае пытанне ядзернай зброі з калектывамі падчас наведвання сельскіх раёнаў і заводаў, піша «Флагшток». Пры гэтым народ, паводле яе слоў, просіць перадаваць Лукашэнку за гэта вялікую падзяку.
Прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Беларусі — цалкам праўладная арганізацыя, якая безагаворачна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ва ўсіх яго дзеяннях як на словах, так і на справе. Членаў гэтай арганізацыі, напрыклад, заўсёды ўключаюць у склад выбарчых камісій, і яны актыўна ўдзельнічаюць у фальсіфікацыі выбараў рознага ўзроўню. У нядаўняй публікацыі «Флагштока» падрабязна разглядалася, наколькі дзейнасць арганізацыі не адпавядае такім заяўленым прынцыпам, як незалежнасць, нейтральнасць, бесстароннасць і добраахвотнасць.
Гомельская абласная арганізацыя на чале з Ганнай Смаляк у гэтым плане асабліва вылучаецца. Сама Смаляк цяпер мае адразу два дэпутацкія мандаты: Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Савета Рэспублікі. Пры гэтым Ганна Смаляк ніяк не каментавала збіццё мірных грамадзян, з'яўленне ў краіне палітвязняў, затое асудзіла ўвядзенне санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму. Гэта абсалютна супярэчыць дэклараваным прынцыпам Міжнароднага Чырвонага Крыжа, але з боку вышэйшага яго кіраўніцтва ніякай рэакцыі на гэта не было.
Зрэшты, вышэйшае кіраўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа таксама было неаднаразова заўважана ў сімпатыях да Масквы, у тым ліку і пасля пачатку паўнамаштабнай вайны з Украінай. Нездарма ва ўкраінцаў да дзейнасці нацыянальнага прадстаўніцтва гэтай арганізацыі таксама ўзнікала і ўзнікае шмат пытанняў.
Чытайце таксама: