Лукашэнкаўскі гісторык выявіў Губку Боба на плакаце сацыяльнай рэкламы і абурыўся прапагандай «педэрастыі»
Падпалкоўнік унутраных войскаў у адстаўцы Аляксандр Плавінскі знайшоў у Мінску беларускамоўную сацыяльную рэкламу і абурыўся Губкам Бобам, якога ён залічвае да «педэрастаў». Аднак ні Губкі Боба, ні «педэрастаў» на плакаце няма, там толькі тры геаметрычныя фігуры, піша «Люстэрка».
20.06.2023 / 11:52
Сацыяльную рэкламу з заклікам закрываць кран падчас чысткі зубоў Плавінскі ўбачыў у падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа.
Паводле яго слоў, там вісіць чатыры аднолькавыя плакаты. «У жыхароў Мінска хіба няма ў кватэрах лічыльнікаў вады, і бацькі не кантралююць яе выкарыстанне і аплату? Але не будзем занадта прыдзірлівымі да сацыяльнай рэкламы», — напісаў падпалкоўнік запасу.
«Першае, што кідаецца ў вочы, — тры гендарна нейтральныя істоты з ЗАМЕЖНАГА мультфільма. У нас што, няма сваіх мульцяшных персанажаў для такой рэкламы? Няўжо хлопчыкі і дзяўчынкі ў святле заходніх павеваў «агульна эўрапэйскіх каштоўнасцяў» у нашай краіне ўжо сталі не ў пашане? Ці гэта так «пілуюць» гарадскі бюджэт для рэкламы замежных мультфільмаў?» — задаецца пытаннямі Плавінскі, выкарыстоўваючы па-беларуску толькі выраз «агульна эўрапэйскіх каштоўнасцей».
Ён прызнаў у квадратным аранжавым персанажу Губку Бобу героя мультсерыяла тэлеканала Nickelodeon. У 2020 годзе падчас месяца гей-прайду канал размясціў фота Губкі Боба — імаверна, спрабаваў паказаць, што ён проста падтрымлівае ЛГБТ. Стваральнік персанажа Стывен Хіленберг яшчэ ў 2005 годзе распавёў, што не надзяляў сваіх персанажаў якой-небудзь сэксуальнасцю і расцэньваў іх як асэксуальных герояў.
Але Плавінскі катэгарычны.
Так насамрэч выглядае Губка Боб, таксама вядомы як Губка Боб Квадратныя Штаны. Фота: Stephen Hillenburg / Wikimedia Commons
«Гаворачы больш зразумелай для старэйшага пакалення мовай — ён педэраст!
Дарагія мінчане, «віншую» вас: у наш горад пад выглядам сацыяльнай «праціснулі» рэкламу педэрастыі! Няхай вашы дзеці глядзяць і вучацца ў мульцяшнага педэраста, як трэба эканоміць ваду!» — заключыў былы вайсковец.
Аляксандр Плавінскі пасля выхаду на пенсію заняўся пісьменніцтвам і выдаў некалькі псеўдагістарычных кніг. Адна з іх называецца «Курапаты ля вытокаў гістарычнай сенсацыі». Яна прысвечаная выкрыццю «міфа аб савецкіх рэпрэсіях». Таксама ён сумесна з прарасійскай актывісткай Вольгай Бондаравай «выкрываў хлусню і маніпуляцыі Марзалюка (Ігар Марзалюк — дэпутат, доктар гістарычных навук. — Заўв. рэд.)» пра Курапаты. Плавінскі — чалец Кампартыі Беларусі.
Чытайце таксама:
Кіраўнік Добрушскага раёна выратаваў хлопчыка, які тануў у віры на Іпуці, добрай парадай
Хто стварае дзікія вокладкі «Мінскай праўды»?
Сціранне памяці. Сайт «Прессбола» заблакавалі за архіўнае фота «нелаяльнага» футбаліста