Ілля Міронаў знайшоў сабе працу ў Вільні. Чым актывіст будзе займацца?
Зусім нядаўна актывіст Ілля Міронаў з'ехаў з Беларусі ў Вільню. І ўжо паспеў знайсці сабе працу. «Наша Ніва» даведалася, чым Міронаў будзе займацца ў Вільні.
20.06.2023 / 08:41
Дапамог гомельскі досвед
У Гомелі 41-гадовы Ілля Міронаў больш за 20 гадоў арганізоўваў рок-канцэрты. Праз тыдзень жыцця ў эміграцыі мужчына паспеў стаць прамоўтарам новага тэатра, якім ён будзе займацца разам з беларускім тэатральным рэжысёрам Аляксеем Стукіным (той таксама цяпер жыве ў Вільні).
Першыя дзве імпрэзы запланаваныя на 1 і 2 ліпеня. Яны адбудуцца ў Вільні па адрасе вул. Віленская, дом 16 (літ. Vilniaus g., 16).
На першы дзень запланавалі імпрэзу для дарослых, а на другі — для дзяцей.
«Да нас далучыцца вядомы ілюзіяніст з Латвіі»
«У панядзелак мы ўжо здымалі рэкламнае відэа. У Illusions show будуць выступаць пірат, лазермен, фокуснік-ілюзіяніст. Будзе шмат цікавага, чаго яшчэ не было не толькі ў Вільні, але і нідзе. Акцёры будуць не толькі з Вільні. Да нас далучыцца вядомы ілюзіяніст з Латвіі», — запэўнівае Міронаў.
Ілля кажа, што ідэя стварыць нешта падобнае была даўно, але тое, што ён стаў прамоўтарам такога праекта ўсяго праз тыдзень пасля ягонага пераезду ў Літву, хутчэй, выпадковасць.
«Раней з Аляксеем мы кантактавалі толькі ў фэйсбуку, а ўжо тут, у Вільні, сустрэліся ў карчме «1863», дзе і разгаварыліся. Я расказаў яму, што шукаю пляцоўку для арганізацыі беларускамоўных гуртоў, а ён сказаў, што на 1-2 ліпеня запланаваў імпрэзу свайго тэатра. Пасядзелі, выпілі квасу і дамовіліся, што будзем працаваць разам», — згадвае Міронаў.
Апроч гэтага, па словах актывіста, у ягоных планах аднавіць яшчэ адну справу, якой ён некалі займаўся ў Гомелі. Мужчына збіраецца адкрыць у Літве ІП і пачаць вырабляць цішоткі і мерч з нацыянальнымі, спартыўнымі і не толькі прынтамі. Актывіст кажа, што ўжо мае ідэю, дзе можа месціцца ягоная будучая крама.
Таксама Міронаў не забываецца і на актывізм. Мужчына штодня ладзіць адзіночныя пікеты ў Вільні.
Былы палітвязень Зміцер Фурманаў пайшоў працаваць у дастаўку ежы