«Ніякага зняцця санкцый у Бруселі сёння не абмяркоўваецца. Гэта ўвядзенне ў зман» — Франак Вячорка

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў інфармацыю, якая з'явілася ў медыя, нібыта ў Бруселі сёння можа быць паднятая тэма адмены некаторых санкцый узамен на вызваленне некаторых палітвязняў.

19.06.2023 / 13:49

Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Офіса

«Ніякага зняцця санкцый у Бруселі сёння не абмяркоўваецца. Гэта ўвядзенне ў зман. Рэжым не правёў расследавання па захопе самалёта, не пакараў вінаватых, не выканаў рэкамендацыі ICAO. Пра якое зняцце санкцый можа ісці гаворка на фоне размяшчэння ядзернай зброі?» — напісаў Вячорка ў тэлеграм-канале. 

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, завялі не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінулі базавыя нормы законнасці і маралі. 

Паводле «Вясны», у Беларусі цяпер 1497 палітвязняў

Nashaniva.com