Столтэнберг пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі: НАТА бачыць падрыхтоўку

НАТА сур'ёзна ўспрымае аб'яўленне Расіяй планаў размяшчэння свайго ядзернага арсенала на тэрыторыі Беларусі, заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг на прэс-канферэнцыі ў Бруселі 16 чэрвеня.

16.06.2023 / 21:31

Енс Столтэнберг. Фота: Omar Havana / Getty Images

«Мы бачылі пэўную падрыхтоўку», — сказаў ён, адмовіўшыся, аднак, распавесці падрабязнасці пра звесткі, здабытыя разведкай.

Паўночнаатлантычны альянс будзе пільна назіраць за дзеяннямі Расіі, паабяцаў ягоны кіраўнік.

«Мы будзем пільныя і прымем неабходныя меры», — сказаў Столтэнберг, дадаўшы, што гэтая тэма абмяркоўвалася 16 чэрвеня на пасяджэнні Групы ядзернага планавання НАТА.

Пры гэтым генеральны сакратар арганізацыі падкрэсліў, што да гэтага часу НАТА не бачыла ніякіх змен у ядзернай пазіцыі Расіі, «якія патрабавалі б якіх-небудзь змен» ва ўласнай ядзернай пазіцыі Паўночнаатлантычнага альянсу.

«Гэта частка ядзернай рыторыкі, якую мы назіраем ужо некаторы час, — нагадаў ён. — Мы ўжо некалькі гадоў назіраем, як Расія мадэрнізуе і размяшчае ядзерную зброю паблізу межаў НАТА — на Крайняй Поўначы, а цяпер упершыню — у Беларусі».

Столтэнберг растлумачыў, што НАТА адаптуецца да гэтых рэалій ужо шмат гадоў, павышаючы гатоўнасць сваіх войскаў, пашыраючы прысутнасць на ўсходнім флангу, паляпшаючы назіранне: «Усё гэта ёсць адказам на сістэматычнае нарошчванне расійскай вайсковай моцы».

16 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паведаміў пра дастаўку ў Беларусь першых ядзерных зарадаў, заявіўшы пра мэту перанесці на нашу тэрыторыю частку расійскага тактычнага ядзернага арсенала да канца 2023 года. 

Чытайце таксама:

Дзярждэп пра ядзерную зброю РФ у Беларусі: Лукашэнка аддае Крамлю ўсё больш кантролю

«Ну што тут за праблема ўзгадніць нанясенне нейкага там удару?» Лукашэнка расказаў расійскай прапагандыстцы пра ядзерную зброю

Літва і Польшча заклікалі НАТА адказаць на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі

Nashaniva.com