На гарадзішчы ў Крычаве развальваецца абарончае ўмацаванне XVI—XVII стагоддзяў
На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі, піша «Магілёў.Media».
16.06.2023 / 16:06
Аб’ект ёсць помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI—XVII стагоддзяў. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як лядоўня, дзе захоўвалі запасы харчавання.
Гэты помнік ужо «пабіты» часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сабой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.
Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў цераз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту «Опыт описания Могилевской губернии».
Нязграбны на першы погляд аб’ект — даволі значны помнік для Крычава і ўнікальнае збудаванне па ступені захаванасці, але ў экскурсійныя маршруты па старым Крычаве ён не ўваходзіць.
Чытайце таксама: