Лукашэнка заявіў пра 150 тысяч забітых і параненых за час контрнаступу, Мінабароны Расіі назвала лічбы ў 20 разоў меншыя. Рэальныя будуць яшчэ меншыя ў дзясяткі разоў

Аляксандр Лукашэнка ўчора даў інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Сярод іншага ён назваў сваю версію страт УСУ падчас контрнаступа. У гэты ж час Мінабароны РФ назвала сваю лічбу. 

14.06.2023 / 15:32

Украінскія вайскоўцы пад Бахмутам. Фота: Libkos, File / AP Photo

«Контрнаступ [УСУ] 4-га, 5-га чысла пачаўся. Вы нават не заўважылі, мы назіраем, што там адбываецца. Дык вось, за гэты час украінцаў загінула каля 40 тысяч. Загінула. І больш за 100 не вернуцца — параненыя. Разумееце, амаль 120-150 тысяч.

І «Брэдлі» гараць, Леапарды» гараць, як нашы савецкія танкі. Але расейцы навучыліся ваяваць. Контрнаступленне ідзе, кулак ідзе — 30-50 танкаў, людзі ідуць тысячамі, і яны не даходзяць нават пярэдняга краю расейскага», — распавёў сваё бачанне падзей Лукашэнка.

У гэты ж час Мінабароны РФ агучыла свае лічбы. 

«З 4 чэрвеня ўкраінскія ўзброеныя сілы страцілі толькі на лініі баявога судакранання каля 7,5 тысяч чалавек забітымі і параненымі,

не лічачы загінулых вайскоўцаў у выніку прымянення расійскай высокадакладнай зброі вялікай далёкасці і авіяцыі ў глыбіні ўкраінскай тэрыторыі», — цытуюць інфармацыю Мінабароны РФ расійскія СМІ. 

То-бок лічбы ў Лукашэнкі і Мінабароны РФ адрозніваюцца ў 20 разоў. 

Мяркуючы ж па мінулых выпадках, Мінабароны Расіі завышае страты праціўніка ў 10—50 разоў.

Чытайце таксама: 

Байдэн: Расія страціла ў Бахмуце каля ста тысяч чалавек

Групоўка Вагнера страціла ва Украіне больш за 30 тысяч чалавек забітымі і параненымі — CNN

Nashaniva.com