Суд разгледзіць справу «аб змене прымусовага лячэння» ў дачыненні да Марыі Успенскай, удавы Андрэя Зельцэра
У Мінгарсудзе 16 чэрвеня ў закрытым рэжыме разгледзяць справу «аб змене прымусовых мер бяспекі і лячэння» ў дачыненні да ўдавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай, паведамляюць праваабаронцы.
13.06.2023 / 13:41
Марыя Успенская
Паводле арт. 103 Крымінальнага кодэкса, рашэнне прымаецца судом на падставе заключэння псіхіятрычнай медычна-кансультацыйнай камісіі, якую асуджаныя мусяць праходзіць не менш за адзін раз на паўгода.
Рашэнне па справе будзе прымаць суддзя Валянціна Зянькевіч.
Роўна год таму суддзя Зянькевіч прызначыла Марыі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не ўстанаўліваецца судом.
Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, але вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, бо яна знаходзілася ў «стане бессвядомасці».
Андрэй Зельцэр 28 верасня 2021 года ва ўласнай кватэры застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і быў застрэлены ў адказ, згодна з афіцыйнай версіяй. Больш за сотню чалавек так ці інакш пацярпелі ў сувязі з гэтай справай, большасць — за каментары ў падтрымку Андрэя Зельцэра.
Чытайце таксама:
«Часам яна выпадала з рэальнасці». Былая сукамерніца ўдавы Зельцэра распавяла пра яе шмат дэталяў