Новы прэзідэнт Латвіі: Перашкода ўступлення Украіны ў NATO не Венгрыя
Міністр замежных спраў і абраны прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч адзначыў, што Венгрыя не галоўная перашкода на шляху Украіны да NATO — гаворка ідзе пра нявызначанасць пазіцыі больш шырокага кола краін.
13.06.2023 / 09:06
Эдгар Рынкевіч. Фота: МЗС Латвіі
Рынкевіч адзначыў, што галоўная перашкода для ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс — гэта ўнутраная дыскусія ў NATO, а не сама Украіна ці сакрэтнае «вета» Расіі, піша «Украінская праўда».
«Прычына — у тым, што цяпер у многіх сталіцах дзяржаў — чальцоў NATO няма дастаткова выразнага разумення, што рабіць з сітуацыяй, калі дзяржава, якая ваюе, далучаецца да Альянсу, і што гэта значыць у кантэксце «пятага артыкула».
«Скажу прама: вось гэта галоўнае пытанне. І менавіта на гэтае пытанне многія дзяржавы-чальцы не могуць даць адказу. І пакуль яны не будуць мець гэты адказ самі для сябе, то не змогуць адказаць і за адным сталом з іншымі членамі NATO», — адзначыў Эдгар Рынкевіч.
На яго думку, калі б гэтая пазіцыя сфармавалася, то перашкодай не павінна быць нават меркаванне афіцыйнага Будапешта.
«Я лічу, што калі дойдзе да фінальнага працэсу прыняцця рашэння, то я веру, што ўсе без выключэння саюзнікі пагодзяцца. Але пакуль перашкодай з'яўляецца вось гэтае ключавое пытанне. Ёсць краіна ў вайне. Ёсць «пяты артыкул» NATO. І цяпер не адна-дзве дзяржавы, а вельмі многія дзяржавы спрабуюць зразумець, што гэта значыць для Альянсу. У многіх сталіцах да гэтага часу не з'явілася добрага адказу на гэтае пытанне, і мы павінны гэта зразумець», — дадаў ён.
Рынкевіч адзначыў, што Латвія бачыць будучыню Украіны ў NATO і са свайго боку будзе рабіць усё магчымае дзеля таго, каб гэта адбылося.
Чытайце таксама:
Прэзідэнтам Латвіі абралі Эдгара Рынкевіча. Ён не раз сустракаўся з Ціханоўскай
Аліна Коўшык абмеркавала з новым прэзідэнтам Латвіі праблемы беларусаў краіны