У Клімавіцкім раёне жанчыны выклікалі дождж пры дапамозе адмысловага абраду ФОТЫ
Пачатак лета выдаўся засушлівым, а вільгаць цяпер вельмі неабходная, таму ўдзельніцы народнага фальклорнага ансамбля «Астранка» з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна вырашылі стымуляваць прыроду, правёўшы старадаўні абрад «Зазыванне дажджу», піша раённая газета «Родная ніва».
09.06.2023 / 20:47
Узяўшы з сабой саху і пугу, жанчыны сабраліся каля ракі Асцёр. Прачыталі малітву «Ойча Наш», перахрысціліся і згодна з абрадам вымавілі такія словы: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, палі зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб добра ўрадзіла і ўсіх напаіла…».
Далей, паводле раённай прэсы, «раптам, у адно імгненне, як па ўзмаху чароўнай палачкі, пайшоў дождж, бо хвіліну таму свяціла сонца і на небе не было ніводнай хмаркі. Вось і не вер пасля гэтага ў магічную сілу старажытных рытуалаў».
Але абрад на тым не скончыўся, яго трэба было абавязкова завяршыць, каб ападкі выпадалі ў патрэбны час і ў патрэбнай колькасці. Таму жанчыны ў святочных кашулях зайшлі ў ваду і сталі цягнуць па дне ракі плуг — «аралі ваду». Прычым дзве цягнулі плуг, трэцяя ішла за ім, а яшчэ адна пугай паганяла, астатнія ж спявалі абрадавую песню «Ой, не стаяла б ды белая бярозачка над вадою».
У 2016 годзе традыцыйны абрад «Зазыванне дажджу» быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Чытайце таксама:
Пад Маладзечнам правялі старадаўні абрад «Лука»
На радзіме Купалы рэканструявалі старажытны восеньскі абрад «Багач». Фотарэпартаж
Цімафей Акудовіч: Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры