Аб'яднаны пераходны кабінет пачаў праверку па сітуацыі з «Байполам»

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі выдаў кароткі каментарый, датычны канфліктнай сітуацыі ў арганізацыі былых сілавікоў «Байпол». 

08.06.2023 / 23:19

Аляксандр Азараў з жонкай і дзецьмі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Так як «Байпол» звязаны з Аб’яднаным пераходным кабінетам, ён паведаміў, што «пачынае праверку з мэтай вывучэння абставін гэтай сітуацыі, выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў».

Як прыярытэт пры выпрацоўцы захадаў па рэагаванні заяўленае забеспячэнне бяспечнага захавання ўсёй інфармацыі, атрыманай «Байполам» у працэсе дзейнасці.

У той жа час, улічваючы спецыфіку дзейнасці «Байпола», Аб’яднаны пераходны кабінет, яго кіраўніца і прадстаўнікі лічаць мэтазгодным усім бакам устрымацца ад любых бягучых каментарыяў і інтэрпрэтацый да таго моманту, пакуль не будуць прынятыя рашэнні на падставе максімальна поўнай інфармацыі. 

Нагадаем, што сёння з'явілася відэа кіраўніка «Байпола» Аляксандра Азарава, у якім ён заявіў, што арганізацыя страціла кантроль над сваім ютуб-каналам і акаўнтамі ў сацыяльных сетках, абвінаваціўшы ў завалоданні імі супрацоўніка «Байпола» Мацвея Купрэйчыка і «групу асоб», звязаных з ім. Неўзабаве пасля таго ў тэлеграм-канале арганізацыі з'явіўся пост, у якім аспрэчвалася лідарства ў «Байполе» Азарава і заяўлялася, што ён нават выключаны з яго.

Nashaniva.com